ЗАЦЕМКІ НА МАРГІНЭСЕ-1
Праглядаю выступы і агітацыйную кампанію партнёраў Лукашэнкі. Зьвярнуў увагу, што фармальна выступы спойлераў палітычна лепш выглядаюць (і значна), чым чытаньні са сцэны Сьвятланы Ціханоўскай і штабістак тэхналягічна напісаных тэкстаў (са сьлёзкамі і канфэрансье) перад эйфарычным зборам людзей, дзе папулізм зашкальвае.
ЗАЎВАГІ НА МАРГІНЭСЕ-2
Дзед Веранікі Цапкала (Шасьцерыкаў) быў кадравым гэбістам. У вайну ён удзельнічаў у “атрадах зьнішчэньня”. Мама Веранікі (па якой сьлёзкі) была замешана ў цёмнай справе з фінансамі і са сьмерцю Мікалуцкага, сястра працавала ў Газпрамбанку (Бабарыкі), муж Валеры прафэсійны гэбіст. Палкоўніка ФСБ Караку ( які, магчыма, і арыфметыкі добра ня ведаў) Бабарыка зрабіў сваім памочнікам ў банку. Тут адно гэб’ё. Усё на паверхні!
ЗАЦЕМКІ НА МАРГІНЭСЕ-3
Пачасьціліся чуткі з розных крыніц аб хваробе Лукашэнкі. І сапраўды, выгляд у яго не здаровы. Ведаючы Маскву-энкавэдзістых (сусьветных бандытаў), у мяне закралася падазрэньне. Калі б клямка запала, тады маскоўска-гэбоўская групоўка прарвецца на плячах Ціханоўскай да ўлады. Пад выглядам перамогі дэмакратыі (пакінуўшы атрыбуты ўлады рэжыму) за 6 месяцаў усё будзе занята Масквой і маскоўскім гэб’ём. Пачнецца захоп уласнасьці. Будучыня Беларусі пагружаецца ў туман. Гэта, аднак, вэрсія, якой ня будзе.
ЗАЦЕМКІ НА МАРГІНЭСЕ-4
Агітацыя прыйсьці галасаваць на фальшывыя выбары гучыць у групоўцы Ціханоўскай-Бабарыкі-Цапкалы як рэфрэн кожнага выступу і пікету. Упартасьць, зь якой робіцца гэтая агітацыя, паказвае на верагоднасьць варыянту пагрому людзей. Магчыма, штабісты не разумеюць, каму і што яны робяць, можа не адэкватна, пад уплывам эйфарыі, ацэньваюць магчымасьці і сітуацыю. Але гэта не здымае зь іх адказнасьці і віны (якую яны мусілі б усьведамляць).
2-4 жнівень 2020 г. Зянон Пазьняк