Зянон ПАЗЬНЯК: АБ ПАДТРЫМЦЫ НАРОДНАГА ПРАТЭСТУ. СУПРАЦЬ УДЗЕЛУ ЛУКАШЭНКІ Ў ВЫБАРАХ

1 июня 2020 г.

Навіны

(Ліст да сяброў КХП — БНФ)

Паважаныя сябры, спадарыні і спадары. На жаль мы ня можам цяпер сабраць Сойм і абмеркааваць пытаньне як належыць. Эпідэмія, самакарантын, пахварэлі сябры, некаторыя заблакаваныя ў іншых краінах. Публічна праз Сеціва — гэта ня мэтад казаць пра рэчы, якія трэба разумець бяз слоў.

Тым ня менш мне ўдалося перамовіцца з выканаўчым кіраўніцтвам Партыі і я мяркую, што зьмест задачаў для сяброў стане вядомым. Тут мушу агулам абазначыць некаторыя палітычныя палажэньні.

  1. Галоўнае пытаньне — эпідэмія, небясьпека інфэкцыі і паміраньня людзей. Адбываецца вірусны генацыд беларусаў, арганізаваны і справакаваны Лукашэнкам. Неабходна ініцыяваць стварэньне па за межамі Партыі інфармацыйна-дасьледчыцкай групы, якая б здабывала і сістэматызавала рэальную медыцынскую і пахавальную інфармацыю пра інфікаваных і памерлых людзей ад каранавіруса Ковід-19. Тут ужо працуюць журналісты і блогеры, але патрэбна сістэмная статыстыка.

  2. Аб выбарчай кампаніі рэжыму. Нашыя ўстаноўкі на байкот застаюцца нязьменнымі. а). Зьмяніліся абставіны; зьявіўся шырокі пратэстны рух, які накіраваны супраць незаконнай улады Лукашэнкі, супраць яго ўдзелу ў выбарах і выступае за байкот фальшывых выбараў шляхам падтрымкі збору подпісаў за пратэстнага прэтэндэнта ў кандыдаты Сьвятлану Ціханоўскую. б). Зьявіўся арганізатар і рэальны аўтарытэт пратэстнага руху Сяргей Ціханоўскі. в). Пратэстны рух сьведчыць, што цярпеньне бальшыні беларусаў скончылася. г). Лёзунгі пратэсту беларусаў такія: “ЛУКАШЭНКА – ПРЭЧ!” («ПРЭЧ, ТАРАКАН!»), “ВЫБАРЫ БЯЗ ЛУКАШЭНКІ!”

  3. Наша Народная партыя павінна быць там, дзе народ. Гэта значыць далучыцца і падтрымаць народны пратэст. Станоўча адзначаем, што ў беларускай палітыцы выбар падтрымкі народнага пратэсту зрабіў таксама Павел Севярынец, які выступіў са зваротам. а). Вызначальную ролю мае характар народнага пратэсту. Ён супадае з палітыкай байкоту фальшывых вабараў нашай Народнай партыі. б). У гэтай сітуацыі далучацца да пратэсту трэба пры любой пазыцыі кіраўніцтва пратэстам (бо галоўнае — наш народ, які трэба аберагаць). На шчасьце становішча стыхійнае і вынікае з абставін. Сяргей Ціханоўскі беларус, які ня гледзячы на праблемы з арыентацыяй у нацыянальных каштоўнасьцях, мае пэрспэктывы ў разьвіцьці асобы і ў асягненьні беларускіх грамадзкіх задач. в). Арышт Ціханоўскага і яго калег па збору подпісаў незаконны. Мусіць быць патрабаваньне аб іхным вызваленьні.

  4. Ідэалы, мэтад і мэта змаганьня. а). Беларускія ідэалы пасьлярэжымнай Беларусі: НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ, СВАБОДА, ДАБРАБЫТ. б). Кансалідаваць народны пратэст на аснове патрабаваньня адхіліць Лукашэнку ад удзелу ў выбарах і ад кіраўніцтва краінай. в). Заклікаць і падрыхтаваць людзей да няўдзелу ў фальшывым галасаваньні і да грамадзка-масавага кантролю над фальшывам галасаваньнем (назіраньне за колькасьцю і ўлік прагаласаваных выбаршчыкаў). г). Стварыць умовы для непрызнаньня фальшывых выбараў 9-га жніўня як выбараў, якія не адбыліся. Паставіць патрабаваньне аб новых выбарах бяз Лукашэнкі.

Пачынаецца адказны пэрыяд і напружаныя дні ў жыцьці краіны. Паслужым нашай дарагой бацькаўшчыне Беларусі.

31 травень 2020 г. Зянон Пазьняк, Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ