Дарагія землякі, паважаныя беларусы!
Настае 25 Сакавік — Дзень Волі. Гэта наша вялікае нацыянальнае сьвята. 25-га Сакавіка 1918 года была аб’яўлена Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў этнаграфічных межах разсяленьня беларусаў. Гэта было, фактычна, адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага ў новай нацыянальнай назве — Беларусь. Стварэньне дзяржавы БНР засьведчыла жыцьцёдзейнасьць новай беларускай нацыі.
Віншую ўсіх беларусаў з гэтым вялікім днём. Віншую і разумею, што нельга рабіць баль у час чумы, выходзіць на вуліцы і плошчы. Каранвірус — гэта ёсьць чума 21-га стагоддзя. Таму заклікаю адзначаць сьвяты і гэты вялікі дзень у нашых душах, у сем’ях, у нашых дамах побач з блізкімі людзьмі, разам з сябрамі.
Няхай сёлета гэты гістарычны дзень стане нашым сямейным сьвятам. Няхай зьяднае ўсіх нас блізка і ідэёва. Няхай агонь волі гарыць у нашых вокнах. Няхай засьведчыць у цяжкі для Бацькаўшчыны час салідарнасьць і духоўнае адзінства нашай нацыі!
Жыве Беларусь! Слава Айчыне!
25 Сакавік 2020 г. Зянон Пазьняк