Сітуацыя, якая выяўляецца цяпер перад будучай выбарчай маніпуляцыяй, паказвае, што можа адбыцца паўтор капаніі 2010 года (магчыма нават з пагромам грамадзянскай супольнасьці).
Ідзе гульня ў перадвыбарчы адбор (т. зв. “праймэрыз”) герояў рэфэрэндумнай афёры 2004 года (аб вечным “прэзыдэнце”). Аб’яўлена, што ў час выбарчай кампаніі будуць патрабаваць няўдзелу Лукашэнкі ў выбарах. Калі патрабаваньне ня будзе выканана, тады — байкот, заклік да пратэстаў і масавыя пратэсты. Гэта такая, быццам бы “стратэгія”.
Што на справе.
1). Патрабаваньні аб няўдзеле Лукашэнкі ў выбарах і ціск на рэжым мусяць адбывацца да пачатку выбарчай кампаніі, а не ў час яе. З пачаткам кампаніі зьменаў у заканадаўстве аб выбарах і зьмены пазыцыяў ня будзе, бо закон не дазваляе (аргумэнт рэжыму). Час ўжо страчаны, але яшчэ можна было б дагнаць. Па першай пазыцыі заплянаваны поўны правал і паказана неразуменьне таго, што ў час выбараў рэжым ні ў чым не саступіць.
2). (Пры невыкананьні патрабаваньняў — аб’явяць байкот, пратэсты і т. п.) Тут (калі такое адбудзецца) поўная кампрамэтацыя ў вачах выбаршчыкаў, якіх агітавалі на выбары, зьбіралі подпісы, абяцалі, а потым кінулі. БАЙКОТ (НЯЎДЗЕЛ) ПАВІНЕН АБ’ЯЎЛЯЦЦА АДРАЗУ.
3). (Масавыя пратэсты).
У гэтай сітуацыі (у сітуацыі няўдзелу ў галасаваньні) масавых пратэстаў ня будзе. Але калі б яны здарыліся, то ніхто з квазіапазыцыі да іх не гатовы, ня ведае як кіраваць непадрыхтаванымі масавымі пратэстамі, ня ведае што рабіць, як абараняцца і наступаць і як дасягнуць мэты. (Вымоўны прыклад 2010 год. Таксама 2006 г. – авантуры з пратэстантамі Казуліна, Мілінкевіча, няведалі што рабіць зь людзьмі.) Тут патрэбны БНФ 90-х. Яго ўжо няма.
Вынікам неабдуманасьці зноў можа стаць разгром, арышты людзей, чарговае разбурэньне грамадзянскай супольнасьці, зноў расчараваньне беларусаў. Выглядае, што гэтыя праймар-спаборнікі цалкам гатовыя да чарговай безадказнасьці.
Усё гэта — схема правакацыі. Усё было.
Калі няма механізму ўплыву на фальсіфікацыйную сістэму выбараў, тады нельга ўдзельнічаць у такіх выбарах, бо гэта абазначае падтрымку рэжыму фалсіфікацыі (забесьпячэньне працы фальсіфікацыйнай машыны). Тут застаецца толькі байкот (рэальна — няўдзел ў галасаваньні) і назіраньне за галасаваньнем, каб забясьпечыць праўдзівую ацэнку выбарчых маніпуляцыяў. (Ведаючы звычкі хама, мяркую, што ў гэтым годзе інстытут назіральнікаў можа быць ліквідаваны, альбо падменены падставай).
Задача рэжымнай апазыцыі забясьпечыць напаўненьне фальшывых выбараў. 25 гадоў яны гэтым рэгулярна займаюцца. Спыніць іх няпроста, бо і рэжым, і ягоная апазыцыя абапіраюцца на тупіковую сьвядомасьць электарата, якая шырока распаўсюджана.
Неадраджэнская плюс пралукашысцкая пастава (у некаторых асоб) праяўляецца і на ўзроўні гульнявога выбарчага адбору (у т. зв. “праймэрыз”). Людзі ўбачылі, што спаборнікі адбору выступаюць перад беларусамі па-расейску і на справе падтрымліваюць рэжымную русіфікацыйную палітыку “дзьвюхмоўя”. Яны нішчаць у беларусаў надзею на адраджэньне роднай мовы, бо каб адраджаць беларускую мову ў рэжыме русіфікацыі, трэба на ёй гаварыць.
З усіх вывертаў выверт з мовай — гэта самае шкоднае ў электаральных паводзінах гэтай групы людзей.
1-03-2020 г. Зянон Пазьняк