22 студзеня 2020 г. суд Маскоўскага раёну г. Менску (суддзя Тацяна Мотыль) прысудзіў штраф у памеры 50 базавых адзінак – 1350 рублёў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Міліцыя высунула супраць КХП-БНФ абвінавачваньне ў тым, што “партыя не аплаціла паслугі міліцыі за ахову грамадзкіх мерапрыемстваў 3 і 10 лістапада 2019 г.”. Нагадаем, што раней паводле гэтага ж абвінавачваньня судом быў аштрафаваны сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”, які быў арганізатарам мэмарыяльных мерапрыемстваў.
Партыя зьвярнулася ў суд з хадайніцтвам (публікуецца), у якім прадставіла аргуманты на карысьць таго, што дадзены адміністрацыйны судовы працэс недапушчальны паводле Закону. Але суддзя не ўзяла пад увагу гэтае хадайніцтва. Міліцыя на працягу часу пасьля згаданых мэмарыяльных мерапрыемстваў чатыры разы (!) перапісвала пратакол, на аснове якога было высунута абвінавачваньне. І, хаця пасьля мерапрыемстваў прамінула больш за два месяцы, суд палічыў тэрмін ад дня падачы апошняй вэрсіі пратакола.
Сп. Юры Беленькі прасіў весьці слуханьне на дзяржаўнай беларускай мове. Але суддзя адмовіла ў гэтым. Таксама сп. Беленькі даводзіў у судзе, што партыя ня мела патрэбы ў ахове, традыцыйна забясьпечваючы парадак сіламі партыйнай дружыны. “Да таго ж, дадзеная сітуацыя рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам, і ў дзеяньнях партыі няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня”.
Партыя лічыць судовы перасьлед і штраф незаконнымі і будзе абскарджаваць прысуд. Асобнай увагі беларускага і міжнароднага грамадзтва заслугоўвае маральны аспэкт усёй справы. Адбываецца паліцэйскі і судовы перасьлед арганізацыі і людзей, якія выканалі важнейшую грамадзкую місію – правялі мерапрыемствы ў памяць ахвяраў народу, забітых у часы бяспраўя, у часы генацыду, наладжанага ў Беларусі таталітарным рэжымам Масквы. Людзі з кветкамі і сьвечкамі прышлі на магілы пакутнікаў, каб ушанаваць іх памяць. Многія з удзельнікаў былі пажылога ўзросту і нямоглыя. Нават у недэмакратычных краінах дзяржаўныя структуры робяць усё, каб падтрымаць такое народнае рушаньне. Толькі рэжым у нашай краіне перасьледуе грамадзян судом і прымушае зьбіраць вялікія грошы на штраф для міліцыі. Інфармацыя пра гэта будзе паведамлена міжнароднаму грамадзтву, каб яно дало адпаведную ацэнку дзеяньням уладаў, якія спрабуюць прадставіць за мяжой свой “чалавечы твар”.
Вядома, што шэраг грамадзкіх арганізацый, якія прадстаўляюцца як апазыцыйныя, на працягу гадоў плацілі рэжыму вялікія сумы грошай на аснове незаконных патрабаваньняў аплаты за правядзеньня мерапрыемстваў. КХП-БНФ ня будзе ўдзельнічаць у гэтай незаконнай практыцы і плаціць дзяржаўным структурам, якія утрымліваюцца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Зразумела таксама, што такім чынам рэжым намагаецца спыніць любыя непадкантрольныя яму праявы грамадзкай актыўнасьці. Гэта ёсьць далейшы крок на шляху да таталітарызма ў нашай краіне.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
22 студзеня 2020 г.
ДАДАТАК
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – БНФ
Суд Маскоўскага раёна г. Мінска Хадайніцтва У адпаведнасці з пунктам 6 Пастановы Савета Міністраў №49 ад 24 студзеня 2019 г. ўрэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў, спецыялізаванай арганізацыяй па пытаннях аплаты паслуг і выдаткаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку. Згодна з указаным пунктам прадугледжана толькі два спосабы ліквідацыі рознагалоссяў паміж арганізатарамі масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў: правядзенне перамоў і судовы парадак. Вядзенне адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да арганізатараў масавага мерапрыемства за неадпаведнае выкананне абавязацельстваў, узятых па грамадзянска-прававым дагаворы, Пастанова Савета Міністраў №49 ад 24 студзеня 2019 г. не прадугледжвае. Такім чынам, у выніку невыканання грамадзянска-прававога абавязацельства ня можа наступаць публічная (адміністрацыйная) адказнасць, іншае уступае ў супярэчнасць з сэнсам права і нормамі грамадзянскага заканадаўства. У сувязі з вышэйсказаным і на падставе арт.9.6, част. 1 арт.10.26, арт. 10.27 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь просім спыніць распачаты ў дачыненні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі—БНФ адміністрацыйны працэс.
Намеснік старшыні Кансерватыўна- Хрысціянскай Партыі—БНФ С.П. Папкоў