“Выкрикивал “Живе Беларусь!” и говорил по-белорусски”.
10 студзеня адбыўся суд над сп. Юрам Беленькім, выканаўцам у Беларусі абавязкаў старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”.
Сп. Беленькі запатрабаваў спыніць адміністрацыйную справу, спасылаючыся на Канстытуцыю і законы Беларусі. Ён падкрэсьліў, што сваім удзелам у мітынгах у абарону незалежнасьці Беларусі, сваімі выступамі і дзеяньнямі не нанёс ніякай шкоды грамадзтву. Наадварот, усё, што ён рабіў і аб чым казаў, было накіравана на спыненьне антызаконных дзеяньняў улады і на папярэджаньне службовых асобаў аб адказнасьці за антыдзяржаўныя дзеяньні, якія яны зьдзяйсьняюць у працэсе такзванага “паглыбленьня інтэграцыі” зь іншай дзяржавай. Сп. Беленькі падкрэсьліваў, што ў поўнай меры разумее сваю грамадзянскую адказнасьць за тое, што адбываецца, бо як дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі прымаў гэтыя законы.
Суддзя сп-ня ЧАРАПОВІЧ, якая вяла паседжаньне, дэманстрацыйна дзейнічала сумесна са сьведкам абвінавачваньня – амонаўцам ПАЛЯКОВЫМ М.А. Палякоў сьцьвярджаў, што дзеяньні сп. Беленькага парушалі грамадзкі парадак. Палякоў таксама ў якасьці аргумантаў абвінавачваньня некалькі разоў заяўляў, што сп. Беленькі “выкрикивал “Живе Беларусь!” и говорил по-белорусски”. Суддзя адводзіла важныя ўдакладняючыя пытаньні сп. Беленькага да амонаўскага “сьведкі”, дэманструючы сваю заангажаванасьць.
Фарс завершыўся прысудам: штрафам у памеры 30 базавых адзінак – 810 рублёў. Сп. Юры Беленькі будзе абскаржваць прысуд у вышэйстаячых судовых інстанцыях.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
10 студзеня 2020 г.