Народная мабілізацыя ў абарону незалежнасьці Беларусі

21 снежня 2019 г.

Навіны

(Рэзалюцыя мітынгу 21 сьнежня 2019 года ў Менску.)

Групоўка чыноўнікаў на чале з А. Лукашэнкам пагадзіліся на здраду. Здаюць Расеі ўсё акрамя сваіх гешэфтаў па нафце і газу. Але гэта ёсьць мафійны гандаль Крамля і групоўкі здраднікаў. Гандлююцца за цану здрады.

Трэба спыніць незаконную дзейнасьць чыноўнай групоўкі па гандлю інтарэсамі беларускага народа. Гэтыя людзі ня маюць права вырашаць лёс суверэнітэту краіны і лёс народа. Іхныя зборкі неканстытуцыйныя, незаконныя. Тое, што яны робяць на вачах ва ўсіх — гэта змова прадажнікаў. Такія людзі падлягаюць суду і пакараньню.

Здраднікі, якія прадаюць Айчыну, не павінны быць ва ўладзе Беларусі. У адпаведнасьці з арт. 3 Канстытуцыі народ павінен браць уладу ў свае рукі і спыняць акупацыю краіны, якую робяць пад шыльдай так званай інтэграцыі.

Зьвяртаемся да беларусаў і заклікаем ствараць Суполкі Абароны Айчыны па ўсёй краіне, у гарадах, мястэчках і вёсках. Задача Суполак Абароны Айчыны: інфармаваць людзей пра небясьпеку расейскай акупацыі, падтрымліваць нашых людзей, набываць аўтарытэт у грамадзтве, рыхтаваць і назапашваць сілы для барацьбы, рыхтаваць адмыслоўцаў для рэалізацыі самакіраваньня ў сваёй мясцовасьці.

Інтэграцыя ня пройдзе! Акупацыя не атрымаецца!
Жыве Беларусь!

21 сьнежня 2019 г. г.Менск