Пачаўся суд над КХП-БНФ за мерапрыемствы на сёлетнія Дзяды

19 снежня 2019 г.

Навіны

19 сьнежня ў судзе Маскоўскага раёну г. Менску адбылося першае паседжаньне адміністрацыйнага працэсу. Паседжаньне вяла суддзя Тацьцяна Матыль. Партыю ў судзе прадстаўляў Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Супраць партыі высунуты абвінавачваньні ў тым, што яна – як арганізатар мэмарыяльных мерапрыемстваў на сёлетнія Дзяды 3 і 10 лістапада 2019 г. правяла мерапрыемствы– “без заключэньня дамовы з ГУВД Мінгарвыканкаму…”. С. Папкоў заявіў, што шэсьці ў Курапаты і Лошыцу дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў у дні памяці продкаў не зьяўляюцца камэрцыйнымі мерапрыемствамі і, паводле мясцовых і міжнародных законаў, за ахову і камунальныя паслугі на такіх мерапрыемствах аплата з арганізатараў не ўзымаецца. Паводле згаданых законаў і міжнародных абавязацельстваў, падпісаных Беларусьсю, улады павінны ўсімі спосабамі спрыяць правядзеньню такіх мерапрыемстваў.

Тлумачэньні, якія прадаставіла Партыя суду, паказалі незаконнасьць прэтэнзій, якія былі выказаныя ў пратаколах, аформленых маёрам Дуброўскім А.Г. Маскоўскага РУВД. Суддзя Т. Матыль вымушана была адкласьці працэс і заявіла, што вяртае пратаколы ў Маскоўскі РАУС на дапрацоўку. Наступнае паседжаньне суду можа адбыцца, калі пратаколы зноў паступяць у суд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

19 сьнежня 2019 г.