Амбасады краін Эўразьвязу ў Менску
Шаноўныя спадарыні і спадары,
3 снежня 2019 года ў 14:15 гадзін у судзе Мінскага раёна (адрас: г. Мінск, вул. Маякоўскага, 119а, кабінет 510) пачнецца судовы адміністрацыйны працэс у дачыненні намесніка старшыні Кансерватыўна- Хрысціянскай Партыі—БНФ сп. Юрыя Беленькага.
Юры Беленькі абвінавачваецца ў тым, што не заключыў з міліцыяй дамову на аплату паслуг міліцыі на ахову грамадскага парадку пад час правядзення дазволенага ўладамі мітынга, прысвечанага дню памяці продкаў “Дзяды” ва ўрочышчы Курапаты 3 лістапада 2019 г. Праведзены мітынг не зьяўляўся камэрцыйным мерапрыемствам.
Рэспубліка Беларусь ратыфікавала ў 1973 годзе Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкул 21 якога гарантуе права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ні якім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законамі якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці ахове правоў ці свабод іншых асоб.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай АБСЕ і мае абавязацельствы па арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе.
З 1992 года у Вене (Аўстрыя) дзейнічае пастаянная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь у АБСЕ. У адпаведнасці з пунктам 31 (выданне 2010-га года) Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў БДІПЧ АБСЕ на дзяржаву накладаецца пазітыўны абавязак па актыўнай ахове мірных сходаў, якую неабходна непасрэдна прадугледзець у любым адпаведным нацыянальным заканадаўстве, якое адносіцца да свабоды сходаў і да паўнамоцтваў паліцэйскіх і ваенных органаў у гэтай сферы. Усе выдаткі звязаныя з забяспячэннем дадатковых мер бяспекі павінны цалкам узяць на сябе органы ўлады. Дзяржава не павінна браць ніякай дадатковай платы за забяспячэнне дастатковага і адпаведнага парадка. Больш таго, ад арганізатараў публічных сходаў дзяржава не павінна патрабаваць страхавання грамадзянскай адказнасці за іх мерапрыемства. Аналагічным чынам, адказнасць за ўборку тэрыторыі пасля правядзення публічнага сходу павінна ляжаць на муніцыпальных органах улады.
Артыкулам 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай. З артыкула 116 Канстытуцыі вынікае, што міжнародна-прававые акты, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь, маюць вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнанні з законамі, дэкрэтамі, указамі Прэзідэнта.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “ Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь“ (арт.20) Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Зыходзячы з указанага, дзяржава не павінна спаганяць ніякіх дадатковых грашовых сродкаў за належнае забяспячэнне аховы парадку падчас сходу.
Аднак улады ў Беларусі дэманстратыўна ігнаруюць узятыя на сябе міжнародныя прававыя абавязкі, што выяўляецца, у прыватнасці, у незаконным судовым пераследзе Юрыя Беленькага.
Просім Вас праявіць добрую волю і аўтарытэт і паспрыяць спыненьню судовага перасьледу сп. Юрыя Беленькага, які адбываецца па палітычных матывах.
Намеснік старшыні Кансерватыўна- Хрысціянскай Партыі-БНФ Сяргей Папкоў
2 сьнежня 2019 г.