24 лістапада ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” – “Слава героям!”, агучаны ў Вільні 22 лістапада (апублікаваны). Зварот прысьвечаны ўшанаваньню беларускіх герояў Паўстаньня 1863-64 гг., пахаваньне якіх адбылося ў Вільні.
На просьбу сяброў Сойму ўдзельнікі мэмарыяльных мерапрыемстваў 22 лістапада ў Вільні распавялі пра гэтыя падзеі. Удзельнікі выказалі падзяку кіраўніцтву Летувы за выдатную арганізацыю цырымоній. У Вільню прыбылі беларусы з шэрагу краін Эўропы і Амэрыкі, а таксама больш за 10 тысячаў людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі. Беларусы паказалі высокі ўзровень самаараганізацыі, палітычнай культуры і народнай салідарнасьці. Вільня напоўнілася беларускай мовай і Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, быў запрошаны на памінальную Імшу ў Катэдру Вільні. Ён прадстаўляў на цырымоніі Беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Шматтысячная працэсія прайшла па вуліцах старой Вільні пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, гукаючы “Жыве Беларусь!” Працэсія прыпынілася каля Вострай брамы, дзе беларускі хор сьпяваў рэлігійныя гімны, і ўшанаваў сьвятыню – абраз Маці Божай Вострабрамскай. Далей працэсія рушыла на могілкі Росы. Там адбылося пахаваньне палеглых паўстанцаў у капліцы Паўстаньня. Гэта быў незабыўны для ўсіх дзень нацыянальнага адзінства і салідарнасьці з народамі нашага рэгіёна.
З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі. Ён падкрэсьліў, што галоўным вынікам дзейнасьці нашых назіральнікаў на нядаўніх “выбарах” антыбеларускага рэжыму зьяўляецца непрызнаньне гэтых “выбараў” легітымнымі міжнароднымі структурамі і дэмакратычнымі краінамі. Гэта не дазволіць Маскве і яе мясцоваму васальнаму рэжыму выкарыстаць псэўдапарлямант дыктатуры ў рамках мадэлі “законнага паглынаньня Беларусі Расеяй”. Такім чынам, жмудная, штодзённая палітычная праца патрыётаў мае выключнае значэньне ў нашым змаганьні за незалежнасьць. Дробязяў у палітыцы не бывае.
Дакладчык спыніўся таксама на таемных перамовах у Маскве паміж крамлёўскімі гаспадарамі і прадстаўнікамі антыбеларускага рэжыму. У дэмакратычных краінах зьмест такіх перамоваў, дакуманты, якія выпрацоўваюцца і прымаюцца, неадкладна паведамляюцца грамадзтву ва ўсіх падрабязнасьцях. Адбываецца дыскусія. У акупаванай Беларусі ўсё інакш. Нам даецца дэмагагічнае паведамленьне ад чыноўнікаў пра нейкія “дарожныя карты” і “параграфы”. Народ ня ведае, што рыхтуюць яму нелегітымныя ўзурпатары дзяржаўнай улады нашай краіны. Зразумела і адназначна адно – беларусы павінны рыхтавацца да абароны сваёй краіны ад расейскай інвазіі. Гэта ёсьць нашым абавязкам паводле Канстытуцыі. Трэба адсочваць сітуацыю вакол таемных перамоваў у Маскве. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра сістэму фальсіфікацый, якой карыстаецца рэжым для правядзеньня сваіх выбараў. Дзеяньні ўладаў і выбарчых камісій з кожным разам становяцца ўсё больш нахабнымі, цынічнымі і адкрытымі. Людзі кажуць, што рэжым “пайшоў у разнос” і паўсюль арганізоўваюць Народны байкот фальшываму электаральнаму шоў і яго арганізатарам – рэжыму і прысьцёбнутай да яго псэўдаапазыцыі. Хаця многія ўжо заўважылі, што і самы бонзы рэжыму не зацікаўлены ў тым, каб псэўдапарлямант быў бы прызнаны легітымным. Бо тады ў выніку аднаго галасаваньня Масква можа пазбавіць улады самых рэжымных бонзаў.
Сябры Сойму выказалі думку, што яркая падзея ў нашай гісторыі – дэманстрацыя нацыянальнага адзінства і міжнароднай салідарнасьці 22 лістапада ў Вільні – была абумоўлена адным важным чыньнікам. Па ўсёй Беларусі людзі стаміліся ад фальшу, хлусьні, гвалту, падману, зьдзеку над іхняй чалавечай і нацыянальнай годнасьцю, ад татальнай русіфікацыі і асіміляцыі. Моладзь і старэйшыя пакаленьні больш ня хочуць так жыць. Будзе каму бараніць нашу свабоду і незалежнасьць.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 24 лістапада 2019 г.