Зянон ПАЗЬНЯК: Пахаваньне паўстанцаў. Сябры і непрыяцелі

19 ноября 2019 г.

НавіныЗянон Пазьняк

Набліжаецца 22 лістапада – дзень жалобы і памяці трох народаў – перапахаваньне герояў паўстаньня 1863 года. Мэмарыяльная ўрачыстасьць адбудзецца ў Вільні. Пасьля багаслужбы ў Віленскай катэдры жалобнае шэсьце накіруецца на старажытныя могілкі Росы, дзе героі будуць пахаваныя ў гістарычнай мэмарыяльнай капліцы. Рэжымныя антынародныя ўлады ў Беларусі настроеныя нэгатыўна да паўстаньня 1863 года і да кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Беларусь на перапахаваньні будзе прадстаўляць беларуская грамадзкасьць. Беларускую грамадзкасьць у неабходных абставінах будуць прадстаўляць Дэпутаты Незалежнасьці – гістарычна легітымныя асобы беларускай нацыянальнай палітыкі.

Перапахаваньне герояў паўстаньня ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і цэнтры паўстаньня – Вільні не да спадобы непрыяцелям Беларусі. Ім хацелася ганьбы і скандалу.

У жніўні-верасьні ў Вільні апынуўся спэцпасланец гэтых спэцлюдзей, які намовіў дэпутатам Сэйму думку аб асобным пахаваньні кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Неўзабаве зьявіўся сакрэтна падрыхтаваны ліст-пэтыцыя ад беларускай інтэлігэнцыі да Ураду і Сэйму Летувы аб выдачы парэштак Каліноўскага.

Скандал сапраўды пачаўся і агэнтура, якая курыравала гэты ліст, падняла лямант і непрыстойны шум. Аднак нічога з гэтай авантуры не атрымалася. Разумных людзей са здаровым сэнсам у галаве было больш. Правакацыя захлынулася.

Але на гэтым падрыўная дзейнасьць не спынілася. “Спэцлюдзі” плянуюць правакацыю ў час жалобнага шэсьця. Фантазія ў гэб’я небагатая, рыхтуюць у асноўным выкрыкі ў час жалобы, кшталту: “аддавайце Вільню”, “Аддавайце Каліноўскага” і т. п. Магчыма будуць шкодныя надпісы, неадэкватнае захаваньне і варожая сімволіка. Пра пляны правакатараў папярэджаныя адпаведныя асобы ў Летуве і беларуская грамадзкасьць. Правакатарам не зайздрошчу.

Слава героям Каліноўцам! Слава Айчыне! Жыве Вялікае Княства Літоўскае! Жыве Беларусь!

19 лістапада 2019 г. Зянон Пазьняк