(Заява)
17 лістапада 2019 г. адбыліся афіцыйныя чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Па зьвестках назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі для галасаваньня 17 лістапада зьявілася ня больш за 20 адсоткаў выбаршчыкаў. Нягледзячы на тое, афіцыйная лічба прагаласаваных была пададзена Цэнтральнай Камісіяй па выбарах і рэфэрэндумах больш за 50 адсоткаў.
Фальсіфікацыя фрэквэнцыі і іншыя парушэньні, зафіксаваныя назіральнікамі ў сотнях выпадкаў і афіцыйна задакумэнтаваныя. На асобных участках лічба прагаласаваных завышана ў 10 разоў.
У выніку дакладнай фіксацыі назіральнікамі парушэньняў галасаваньня рэжымныя ўлады ,міліцыя і кіраўнікі выбарчых камісіяў пачалі масава выдаляць афіцыйных назіральнікаў з участкаў галасаваньня, пазбаўляць іх рэгістрацыі, перашкаджаць у назіраньні. Кіраўнік улады А. Лукашэнка публічна прыгразіў фізічнай расправай назіральнікам на выбарах (гэта новы аспэкт у выбарчым варварстве існуючага рэжыму).
На працягу пяці дзён перад выбарамі, як заўсёды, адбывалася так званае “папярэдняе галасаваньне”, якое па зьместу незаконнае і супярэчыць Канстытуцыі краіны. Зафіксавана, што на папярэдняе галасаваньне людзей абавязвалі ісьці пад прымусам і пагрозамі пакараньня. Назіральнікі адзначылі шматкроць завышаныя прыпіскі колькасьці прагаласаваных у час папярэдняга галасаваньня. Рэжымныя ўлады тут заўсёды фальсіфікавалі фрэквэнцыю і падавалі афіцыйную лічбу ў межах 25-30 адсоткаў прагаласаваных. Але гэтая лічба фальшывая і завышаная.
Такім чынам чарговая імітацыя галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якое адбылося 17 лістапада 2019 г., завершылася адназначна грубай фальсіфікацыіяй яўкі выбаршчыкаў, пагрозай расправы з назіральнікамі за галасаваньнем і аб’яўленьнем фальшывых вынікаў аб фрэквэнцыі выбаршчыкаў.
У рэальнасьці выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 17 лістапада 2019 г. не адбыліся. Народ праігнараваў фальшывыя выбары і тым самым выказаў недавер рэжымным уладам А. Лукашэнкі.
Вынікі гэтых выбараў ня могуць быць прызнаныя беларускім грамадзтвам і міжнароднай супольнасьцю.
18 лістапада 2019 г. Г. Менск
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ: Зянон Пазьняк, старшыня Юрый Беленькі, выконваючы абавязкі старшыні ў Беларусі Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні