Дзяды – 2019 у Менску. Мэмарыяльнае шэсьце ў Лошыцу і мітынг ля лошыцкага Крыжа

12 ноября 2019 г.

Навіны

10 лістапада на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ патрыёты сабраліся на вуліцы Маякоўскага і прайшлі шэсьцем да Лошыцы на ўскраіне Менску. Людзі несьлі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі, кветкі і запаленыя зьнічкі.

У Лошыцы, на месцы масавых расстрэлаў беларусаў бальшавіцка-маскоўскімі акупантамі ў 1937-41 гг., адбыўся мэмарыяльны мітынг. Грамада заслухала зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” (апублікаваны). З прамовамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца ў Беларусі абавязкаў старшыні Партыі і Фронту , сп. Сяргей Папкоў, нам старшыні Партыі і Фронту, сп. Валеры Буйвал, сакратар Партыі і Фронту, а таксама сябры Сойму сп. Ігар Шчэмелеў і Уладзімер Юхо.

Яны падзякавалі людзей, што прышлі, каб ушанаваць памяць сьвятых пакутнікаў нашага народу. Здавалася б, у 1991 годзе абрынулася ў нябыт ідэалагічная сістэма і краіна, у імя якіх маскоўскія акупанты забілі мільёны людзей. Паўстала незалежная Беларусь. Але чаму ж з народам у такія дні няма вышэйшых прадстаўнікоў цяперашняй улады? Іх няма, таму што яны чужыя і служаць інтарэсам той жа маскоўскай імпэрыі. На магілах нашых ахвяр гэтая ўлада здольная толькі наладзіць блюзьнерскія скокі, напады на абаронцаў сьвятынь, пабудаваць бардэль-рэстаран, засыпаць магілы зямлёў і закатаць асфальтам, паставіць аляпаватыя, дысгарманічныя “помнікі”, ламаць крыжы, плявузгаць на абаронцаў сьвятыняў у СМІ. Усё таму, што каманды на зьнішчэньне гэтаму рэжыму аддае Масква. Таму што гэтае чынавенства зьяўляецца ідэалагічным спадчыньнікам расстрэльшчыкаў 1937-га года. Усё гэта яны даказваюць сваімі подлымі справамі.

Выступоўцы нагадалі, што незалежная Беларуская Народная Рэспубліка была разгромлена чужой дзяржавай, якая называлася ў 1918 годзе – РСФСР, або Расейская Фэдэрацыя сёньня. Чорнай справай гэтай краіны зьяўляецца зьнішчэньне нашай культуры і мовы, мільёнаў нашых людзей, пагром нашай эўрапейскай цывілізацыі. Цяперашняя Масква працягвае гэтую антыбеларускую палітыку новымі мэтадамі, супраць нашага народа вядзецца гібрыдная вайна. Каб Масква ня здолела паўтарыць зьверствы, масавыя забойствы, паняверку і зьдзек з беларусаў, трэба яднацца і бараніць Айчыну ад імпэрскага ворага. Гэта ёсьць наш абавязак, згодна Канстытуцыі і прыроднага права. Сёлетнія Дзяды паказалі, што беларуская моладзь далучылася да справы нацыянальна-вызвольнага руху і добра разумее, ад каго трэба бараніць Беларусь. У гэтай сьвятой справе мы павінны салідарызавацца з усімі народамі, што вядуць змаганьне супраць маскоўскай агрэсіі і ідуць да вызваленьня ад каланіяльнай залежнасьці ад Масквы.

Грамада гукала “Жыве Беларусь! Слава героям!”. На прыканцы людзі засьпявалі беларускі нацыянальны гімн “Магутны Божа”. Людзі ўсклалі да Крыжа кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічкі.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

10 лістапада 2019 г.