Сумная вестка даляцела з Лагойску праз акіян. Пасьля цяжкай анкалагічнай хваробы памёр Дэпутат Незалежнасьці Аляксандар Шут - сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай Партыі - БНФ, Міністар Аховы Здароўя ў Ценявым Урадзе дэпутацкай апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.
Адыходзяць людзі, якія стваралі незалежнае дзяржаўнае існаваньне Беларусі.
З прычыны ўнутранай акупацыі краіны палітычны патэнцыял гэтых высокаразвітых людзей ня быў скарыстаны і проста загублены. Але тое, што яны зрабілі за пяць гадоў сваёй дзейнасьці ў пачатку 90-х, застанецца навечна сьветлай паваротнай эпохай у гісторыі дзяржаўнасьці вольнай Беларусі.
Алесь Шут быў надзвычай сумленным, праўдзівым і шчырым чалавекам. Мы яго шанавалі, а палітычныя ворагі- камуністы вымушаны былі паважаць.
Аляксандар Шут у Вярхоўным Савеце сур’ёзна займаўся праблемамі Чарнобыля, удзельнічаў, як і ўсе дэпутаты БНФ, у стварэньні заканадаўства аб Чарнобыльскай катастрофе.
І вось жа пракляты Чарнобыль, супраць якога мы змагаліся і ад якога баранілі тады беларускі народ, косіць яго змагароў. Змагары сталі яго ахвярай. Алесь Шут ужо шосты Дэпутат Незалежнасьці якога забіў гэты радыяцыйны Левіафан. Але Беларусь застанецца. Вернецца Воля, адродзіцца наш вялікі Беларускі Народ. Справа, за якую змагаўся Аляксандар Шут ніколі ўжо не загіне.
Славім яго сумленнае жыцьцё. Хай будзе вечным і сьветлым яно ў нябёсах. Вечная памяць.
6 лістапад 2019 г. Зянон Пазьняк.