Зянон ПАЗЬНЯК: ДЗЯДЫ-2019

4 лістапада 2019 г.

НавіныЗянон Пазьняк

Дарагія землякі, паважаныя беларусы! Сёньня ізноў адбываюцца Дзяды — нашае містычнае і сакаральнае сьвята продкаў. Яно ў цяперашнім часе набыло ў нас асаблівае значэньне, бо зьвязана з Народным Мэмарыялам Курапаты, зьяўляецца яго часткай і ягонай сутнасьцю.

Народны Мэмарыял Курапаты створаны народам у традыцыях нашай мэмарыяльнай культуры. Пачаўся ён 29-га кастрычніка 1989 года, калі людзі, ідучы шэсьцем, прынесьлі сюды на руках вялікі сямімэтровы Крыж Пакуты і паставілі яго тут пад гукі рэквіема і казаньне малітваў.

З 2000-га года кожны раз на Дзяды сюды прыходзілі тысячы людзей, якія несьлі на плячах крыжы і ўстанаўлівалі іх тут, ля магілаў расстраляных продкаў. Так ствараўся вечны Мэмарыял Памяці пра генацыд. Кожны год на Дзяды сюды прыходзяць людзі, нясуць і ўстанаўліваюць крыжы — помнікі вечнасьці. Вось чаму гэты мэмарыял зьяўляецца вечным, бо кожны год кожнае пакаленьне беларусаў прыносіць сюды і ставіць тут свае адзнакі памяці. Гэта працэс няспынны, пакуль жыве народ. Ён стаўся рытуалам, сьвятой часткай памяці пра трагічны для людзей і для гісторыі час.

Мы тут усе ёсьць удзельнікі, ушанавальнікі і стваральнікі Народнага Мэмарыялу. Ніхто, ніякая цемра, ніякая цёмная чартоўская сіла ня зьнішчыць Курапаты, пакуль мы жывем.

Няхай цемра бесіцца сабе да пары, няхай робіць сабе крыжалом. Урэшце гэты крыжалом і пахавае іх усіх, з усёй іхнай сіпатай нянавісьцю і ядавітай сьлінай.

Шануйма нашых Дзядоў! Шануйма расстрэльныя магілы продкаў, паважайма нашу гісторыю, нашых пакутнікаў і нашых герояў. Гэта вельмі важна цяпер для беларускай нацыі, каб вытрымаць навалу, перамагчы ворагаў чалавецтва і адбудаваць нашу сьветлую, вольную Беларусь.

Слава Айчыне! Наступныя Дзяды — у вольнай Беларусі!

3 лістапада 2019 г.Зянон ПАЗЬНЯК