Чарговае публічнае прызнаньне Лукашэнкі аб ягонай антызаконнай дзейнасьці ёсьць сур’ёзным парушэньнем з гледзішча права. Гэтак жа як і ягоныя ранейшыя прызнаньні аб маніпуляцыі вынікамі выбараў і інш.
Нагадаю сутнасьць. Прэс-служба ўзурпатара паведаміла, што размаўляючы са слухачамі Акадэміі кіраваньня, Лукашэнка заявіў, што ім створана група кадравага рэзэрву намэнклятуры колькасьцю ў 850 чалавек. Пэрсанажы гэтай групы надзелены ім пэўнымі паўнамоцтвамі абароны перад законам і валодаюць пэрсанальным імунітэтам. Без асабістага дазволу Лукашэнкі “іх нельга затрымліваць, арыштоўваць”. “Гэта важна для таго, каб яны маглі самастойна дзейнічаць”, — патлумачыў сатрап.
Стварэньне антыканстытуцыйнай групы ў мэтах утрыманьня ўлады і незаконнае надзяленьне яе ўдзельнікаў асобымі паўнамоцтвамі, якія выводзяць іх з-пад дзеяньня закону і падпарадкоўваюць толькі асабістай волі ўзурпатара, ёсьць актам грубага выкарыстаньня ўлады ў асабістых інтарэсах.
Ня буду пералічваць якія артыкулы Крымінальнага Кодэксу і Канстытуцыі парушаны. Справа вымагае сьледзтва і сьледчых дзеяньняў аб дзейнасьці гэтай групы і яе арганізатара.
Зварот у Генеральную Пракуратуру і Сьледчы Камітэт можа зрабіць кожны грамадзянін Беларусі, кожная грамадзкая арганізацыя.
Падкрэсьліваю, што такія звароты абавязковыя. Яны мусяць быць згодна юрыдычнай працэдуры фіксаваньня парушэньняў закону.
18 кастрычнік 2019 г. Зянон Пазьняк