АПЭРАЦЫЯ ПЕРАПІС

5 кастрычніка 2019 г.

Навіны

4 кастрычніка пачынаецца чарговая маніпуляцыя антынароднай улады. Перапіс насельніцтва за часы антыбеларускага рэжыму — гэта заўсёды гібрыдная апэрацыя супраць народу. Рэальна — гэты перапіс ёсьць фальшыўка, як і выбары. Прытым яна робіцца ўжо на стадыі складаньня пытаньняў. Пра астатняе можна нават не казаць. Тут ніякага кантролю. Вось, напрыклад, пытаньне пра мову. (Яно для акупацыйнай улады ў перапісе галоўнае).

Пытаньне № 12. «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?» Родная мова, тым часам, вызначаецца па крыві, а не па тым, якая першай засвоена ў дзяцінстве. Першай засвоена можа быць і няродная мова. А пры акупацыйнай асімілятарскай палітыцы тым больш. Тут шулерскі прыём. Родная мова — гэта мова роду. У беларуса родная мова беларуская. Гэта трэба ведаць насуперак усім мясцовым і міжнародным маніпулятарам, выкармленых на марксізме.

Тут мы бачым фабрыкацыі, зробленыя па асімілятапскай формуле “статус-кво”, якая паклікана прыняць за норму вынікі акупанцкай русіфікатарскай палітыкі.

3-га кастрычніка 2019 г. Зянон Пазьняк