Чаму Сталін такі важны для расейцаў? Чаму кожныя 20-30 гадоў у грамадзтве ўспыхваюць жорсткія спрэчкі аб ім; любыя спробы лібэралізацыі пачынаюцца з разьвянчаньня Сталіна, а аўтарытарныя рэстаўрацыі – з новага ягонага культа?
Сталін – сімвал, захавальнік, бог расейскага адата, то бок сістэмы архаічных традыцый, звычаяў, каштоўнасьцяў, сацыяльных практык і норм, што перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне.
Гэты адат сфармаваўся на базе трох асноўных гістарычных традыцый: прыгоннага рабства, панаваньня бюракратыі, імпэрскай экспансіі. У ягонай аснове – успрыняцьце несвабоды як натуральнага стану чалавека, звычай прыніжаць слабых і прыніжацца перад моцнымі, нянавісьць да “іншага”, які наважыўся выдзяляцца з агульнай паслухмянай масы. Асноўны закон расейскага адата сфармуляваў яшчэ Чарнышэўскі: “нацыя рабоў, зьверху данізу – усе рабы”. Праваслаўе, камунізм, патрыятызм – былі толькі ідэалагічнымі шырмамі. У сапраўднасьці, і пры Раманавых, і пры бальшавіках, і пры Пуціне большая частка краіны жыла і жыве менавіта паводле гэтага непісанага закону. Галоўнай загрозай для расейскага адата заўжды быў дух індывідуальнай свабоды, які пранікаў з Захаду. Аднак з цяжкасьцю прарослыя на расейскай зямлі парасткі эўрапейскай культуры былі бязьлітасна зрэзаны бальшавікамі. Нездарма нават некаторыя патрыятычныя спадарожнікі бальшавізма (напрыклад, пісьменьнік Б. Пільняк) з задавальненьнем канстатавалі, што кастрычніцкі пераварот адкінуў Расею ў 17 стагоддзе. Сталін завершыў працэс дэвэстэрнізацыі.
Сталінскі рэжым, які ідэальна адпавядае расейскаму адату, прыняў у сябе самыя горшыя традыцыі краіны: масавае рабства, усепранікаючае панаваньне бюракратыі і паліцэйшчыны, жорсткую дзяржаўную рэгламэнтацыю, імпэрыялізм, мілітарызм, нянавісьць да навакольнага сьвету, да свабоды, да іншадумцаў і іншаадчуваючых. Больш таго, Сталін працягнуў і разьвіў гэтыя традыцыі, далёка пераўзыйшоўшы сваіх папярэднікаў у маштабе гвалту і жорсткасьці. За гэта яго, мабыць, і любяць ахвочыя да адмысловага шляху Расеі.
Ігар Эйдман Крыніца: Фэйсбук.