Аб таемных перамовах рэжыма Лукашэнкі з Масквой

13 чэрвеня 2019 г.

Навіны

(Спавешчаньне Сойму КХП – БНФ)

4 чэрвеня сёлета Уладзімер Макей, які займае пасаду міністра МЗС Беларусі, заявіў аб вядзеньні рэжымам Лукашэнкі з Масквой працы па “далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы” і што “не прыйшоў час пасьвячаць у дэталі шырокую публіку”.

Такім чынам было прадэманстравана, што за плячыма беларускага народа, які зьняважліва названы “шырокай публікай” таемна рыхтуецца змова з рэжымам пуцінскай Расеі. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (артыкул 3) менавіта беларускі народ зьяўляецца носьбітам усёй улады ў краіне.

Беларусам не прыходзіцца чакаць нічога добрага ад гэтай працы. Уся папярэдняя гісторыя існаваньня прамаскоўскага рэжыма ў Беларусі сьведчыць, што ўсе пагадненьні з Масквой былі заключаныя насуперак нацыянальным інтарэсам беларускай нацыі і дзяржавы, нясуць беларусам каланіяльную залежнасьць ад усходняй імпэрыі і нацыянальнае прыніжэньне. Гэта шлях эканамічнай адсталасьці, беднасьці, адсутнасьці добрых пэрспэктыў разьвіцьця. Гэта пэрспэктыва беларусам быць уцягнутымі ў расейскія войны.

Мы нагадваем асобам, якія рэалізуюць антынацыянальную палітыку інтэграцыі з Расеяй аб адказнасьці за іх дзеяньні паводле закону.

Мы заклікаем беларусаў стаяць на пазыцыях абароны нацыянальных інтарэсаў і нацыянальнага сувэрэнітэту. Беларускае грамадзтва ў сілах спыніць гандаль суверэнітэтам краіны. Ніякіх таемных каляніяльных пагадненьяў з Масквой! Беларусы, абаронім Айчыну!

9 чэрвень 2019 г. Сойм КХП – БНФ