за ўсталяваньне крыжа ў Курапатах у памяць расстраляных літоўцаў
18 студзеня ў Менскі раённы выканаўчы камітэт былі выкліканы на пасяджэньне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ, і Валеры Буйвал, сакратар Управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. На іх былі складзены пратаколы ў тым, што яны “парушылі парадак і ўмовы выкананьня працаў на гісторыка-культурнай каштоўнасьці” ў Курапатах. А менавіта ў тым, што яны ўсталявалі на магілах пакутнікаў крыж у памяць расстраляных у Курапатах літоўцаў і тым самым “нанесьлі шкоду культурнай каштоўнасьці”.
27 сьнежня 2018 г. група беларускіх патрыётаў, сярод іх Юры Беленькі, усталявалі ў Курапатах драўляны крыж на месцы даўняга крыжа памяці літоўскіх ахвяраў, які спарахнеў. Папярэдне патрыёты зьвязаліся з грамадзянамі Літвы, якія выканалі ў традыцыйным стылі літоўскага народнага мастацтва драўляны дубовы крыж і прымацавалі да яго шыльдачку з эпітафіяй “Памяці забітых літоўцаў. 1937-1941” на беларускай і літоўскай мовах.
Устаноўка новага крыжа на месцы былога крыжа зьявілася актам ушанаваньня памяці пакутнікаў літоўскага народа, які разам з беларусамі пацярпеў ад генацыду падчас расейскай акупацыі. Падчас устаноўкі крыжа каля гэтага месца знаходзіліся два работнікі “Лясгасу”, яны не выказвалі ніякіх прэтэнзій да ўдзельнікаў устаноўкі крыжа і не задавалі ніякіх пытаньняў. У той самы час па цэнтральнай Крыжовай алеі Курапатаў праходзіў Валеры Буйвал, які на працягу 30 гадоў апякуецца курапацкімі магіламі і крыжамі. Ён не прымаў удзел ва ўстаноўцы новага крыжа. Аднак, на аснове фальшывых сьведчаньняў работнікаў “Лясгасу” яго таксама прыцягваюць да адказнасьці за ўдзел ва ўстаноўцы крыжа. Пасьля завяршэньня ўстаноўкі крыжа патрыёты пакінулі тэрыторыю Курапатаў. Ужо праз дзьве гадзіны ім паведамілі, што крыж у памяць літоўскіх ахвяраў зьнік. Удалося высьветліць, што гэты крыж быў выдалены з зямлі і вывезены работнікамі “Лясгасу”. Зараз ён знаходзіцца на часовых захаваньні на адміністрацыйнай тэрыторыі “Лясгасу”.
28 сьнежня 2018 г. грамадзкі дырэктар Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыяла Курапаты Алесь Чахольскі сустрэўся з работнікамі “Лясгасу”, якія выдалілі і вывезьлі крыж, і запатрабаваў, каб яны вярнулі крыж на месца. Яны адмовіліся гэта зрабіць. І зьвярнуліся ў міліцыю па факце “нанясеньня шкоды культурнай каштоўнасьці”. Міліцыя перадала гэтую справу ў Менскі раённы выканаўчы камітэт. Пасьля сёньняшняга пасяджаньня прызначана наступнае пасяджэньне камісіі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і моладзі для правядзеньня адміністрацыйнага працэсу 22 студзеня.
Такім чынам, у наяўнасьці акт сёньняшняга дзяржаўнага вандалізму на тэрыторыі пахаваньняў ахвяраў дзяржаўнага тэрору і генацыду 1930-40-х гадоў. Абсурдныя і фальшывыя абвінавачваньні высунуты супраць людзей, якія на працягу 30 гадоў стваралі Народны мэмарыял у Курапатах, ахоўвалі і баранілі яго ад спробаў зьнішчыць крыжы і магілы народных пакутнікаў. Акт дзяржаўнага вандалізма быў зьдзейсьнены прадстаўнікамі ўлады на магілах пакутнікаў і знайшоў свой працяг у незаконных дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі і Менскага раённага выканаўчага камітэту.
Патрыёты будуць зьвяртацца ў пракуратуру з мэтай абскаржваньня незаконных дзеяньняў прадстаўнікоў уладаў, а таксама да міжнароднай грамадзкасьці з заклікам асудзіць вандальскія дзеяньні ўладаў на магілах пакутнікаў і незаконныя рэпрэсіі супраць патрыётаў, якія ўшаноўваюць памяць ахвяраў у Курапатах.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 18 студзеня 2019 г.
Фатаграфіі: Устаноўка крыжа памяці літоўскіх ахвяр, шыльдачка, крыж.