Хрыстос нарадзіўся!

25 снежня 2018 г.

Навіны

Дарагія землякі, дарагія Беларусы! Настае Сьвята Божага Нараджэньня. Віншую са Сьвятам! Сьветлага Дня!

Гэта быў пачатак новага чалавецтва, новай культуры, накіраванай на асэнсаваньне і падрыхтоўку да вечнага жыцьця ў Сусьвеце.

Нічога больш важнага ў гісторыі людзей мы ня ведаем. На Зямлю прыйшоў Бог у якасьці Сына Божага і ў вобразе чалавека. З Хрыстом прышло Хрысьціянства, якое перамяніла чалавецтва. Яно прынесла людзям усьведамленьне вышэйшай справядлівасьці і сэнс існаваньня. Жыцьцё напоўнілася аптымізмам і пэрспэктывай быцьця.

Не губляйма яе ніколі. Цемра сканае, дзе б яна не ўзьнікала, у якім бы вобразе не зьяўлялася, якое б не набывала аблічча. Адкідайма яе!

Хрыстос нарадзіўся. Славім Яго!

24 сьнежня 2018 г. Зянон Пазьняк