Вось ужо амаль 7 месяцаў трывае штодзённая пратэстная варта супраць незаконнага рэстарану “Поедем поедім” ля Курапатаў.
23 сьнежня 2018 людзі ізноў выйшлі на пратэст супраць зьдзеку з нашай агульнанацыянальнай сьвятыні — Курапатаў.
Варту распачалі сябры КХП-БНФ. Пры гэтым, адзін з удзельнікаў, Віталь Паўлаў, адмыслова прыехаў з Воршы, прадэманстраваўшы, што справа абароны Курапатаў — сапраўды агульнабеларуская справа.
Цягам дня да варты далучыліся сябры іншых партый і рухаў, неабыякавыя грамадзяне, якія перанялі і працягнулі варту да самай ночы.
У чарговы раз было прадэманстраванае адзінства абсалютна розных палітычных сілаў у справе абароны беларускай сьвятыні і, фактычна, Беларусі.
Увечары салідарныя людзі адмыслова прывезлі для пратэстоўцаў гарачую каву, выказалі падзяку і падтрымку.
Незаконную і блюзьнэрскую рэстарацыю ізноў ахоўвала група спэцслужбоўцаў з рацыямі і камерамі. Калі адзін з удзельнікаў варты паспрабаваў размаўляць з “аператарам” па-беларуску, высьветлілася, што ён не разумее ні слова. Выглядае так, што гэта прышлы чалавек з Расеі, якія займаецца тут аховай антыбеларускай, злачыннай установы.
Пратэстоўцы ў чарговы раз выказалі сваю рашучую гатоўнасьць працягваць варту і змаганьне супраць блюзьнэрства нягледзячы ні на што. Упэўнены, што перамога безумоўна будзе за беларускімі патрыётамі.
Абаронім Курапаты разам! Жыве Беларусь!
Ігар Шчeмелеў (facebook. 24.12.2018)