· У нядзелю, 05.08.2018, прайшла чарговая варта ля “Поедем-поедим” разам з сябрамі КХП-БНФ.
Прысутнічаў трывалы і нязломны абаронца Курапатаў Уладзімер Плотнікаў. Да варты цягам дня далучыліся іншыя сябры партыі, неабыякавыя грамадзяне.
Склалася ўстойлівая карціна: за дзень у “рэстарацыю” прыехала ўсяго 5 машын з “наведнікамі”. Выглядае так, што была сфармаваная нейкая каманда сталых “наведнікаў”, якія прыяжджаюць ужо ня першы раз, на вялізнай хуткасьці нясуццца ў бок людзей. Адзначу, што раней ля “рэстарыцыі” стаяла 2 дарожныя знакі, якія абмяжоўвалі хуткасьць аўтамабіляў да 5 км/г. Аднак, за адну ноч гэтыя знакі раптоўна зьніклі. Міліцыя з усьмешкай разводзіла рукамі, маўляў, “а вы уверены, что здесь были какие-то знаки?”.
Салідарныя людзі ізноў прывозілі ежу ды халодную ваду, выказвалі падтрымку.
Па словах прысутных, адзін з “ахоўнікаў” ахвотна распавядаў, што “Беларусь у 2018 годзе далучаць да Расеі, у Маскве ўжо ўсё распланавана”.
На гэта патрыёты адказвалі, што беларусы зробяць так, што планы Масквы ня зьдзейсьняцца.
Ігар Шчэмелеў