Адкуль дзьме вецер на Курапаты…

10 июля 2018 г.

Навіны

Алесь Чахольскі, АСАБІСТЫ ПОГЛЯД

Хто-ніхто, прачытаўшы мой допіс, скажа: “Спадар Чахольскі, як і ўсе паплечнікі Пазьняка, у любых беларускіх праблемах бачыць “руку Москвы”. Такім апанентам я адкажу: так, агентура расійскіх спецслужб не спіць, і дзейнічае яна ў нас, вядома ж, не на карысць нашай краіны. Вось і падзеі апошніх дзён паказваюць, што Лубянка не адмаўляецца ад спроб знішчыць народны мемарыял Курапаты. І не адмовіцца, пакуль існуе гэта імперыя на ўсходзе. На мой погляд, цынічнае, антымаральнае адкрыццё рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем поедим” з лазняй-саўнай, дамкамі для адпачынку, дзіцячай пляцоўкай, вялікім рэстаранам з музычна-танцавальнай пляцоўкай, разгорнутай у бок Курапатаў, – адна з такіх спроб. Пры гэтым пераследуецца некалькі мэт.

1.Сутыкнуць на міжнацыянальнай глебе яўрэяў і беларусаў, бо ўладальнікамі рэстаранна-забаўляльнага комплексу з’яўляюцца яўрэі з розных краін свету. Выклікаць хвалю антысемітызму. Хаця гэта не здымае віну з гэтых уладальнікаў за тое, што яны нарабілі. Дарэчы, мы, сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі, рыхтуемся да ўстаноўкі памятнага знака беларускаму яўрэйскаму паэту Ізі Харыку.

2.Выклікаць грамадскі пратэст, праводзіць рукамі міліцыі рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, што мы і назіраем. Міліцыя складае пратаколы на людзей, якія выйшлі бараніць нацыянальную святыню і чалавечую годнасць.

3.Праз адцягненне ўвагі на змаганне ўлезці ў цэнтр створанага народнага мемарыяла Курапаты з разбуральным праектам, які можа быць хітрым чынам навязаны нашым уладам.

4.Відавочна, што эканамічнай мэтазгоднасці пабудовы са шматлікімі парушэннямі таго комплексу на гектары зямлі не праглядаецца. Узнікае пытанне: што за гэтым стаіць? Карупцыя, адмыванне грошай праз афшоры? Я лічу, што за ўсім стаіць Лубянка.

5.Дыскрэдытацыя асоб і арганізацый, якія каля 30 гадоў займаюцца добраўпарадкаваннем і стварэннем народнага мемарыяла Курапаты. Як гэта выглядае? Праз пэўны час пасля пачатку пратэстаў у прэсе раптам з’яўляецца аб’ява аб нейкім плане Чахольскага–Дашкевіча. Хаця ніякага плана не існуе, а была прапанова Зміцера аб размеркаванні дзён тыдня паміж людзьмі для ўдзелу ў пратэстных мерапрыемствах насупраць уваходу ў рэстаранна-забаўляльны комплекс. Хачу падкрэсліць, што гэта грамадскі мірны пратэст і ў ім удзельнічаюць грамадзяне незалежна ад прыналежнасці да той ці іншай партыі, грамадскіх рухаў, арганізацый і г.д. Шмат людзей наогул ні ў якіх арганізацыях не ўдзельнічаюць і прыйшлі бараніць гонар нацыі па ўласным жаданні, зыходзячы са свайго сумлення.

3 чэрвеня 2018 года на мітынгу, прысвечаным Дню памяці пра генацыд – 30-годдзю адкрыцця праўды пра Курапаты, Зянон Пазьняк папярэдзіў пра існаванне плана застрахаваць гэтую рэстарацыю і затым спаліць. Праз некаторы час у інтэрв’ю Радыё Свабода Зміцер Дашкевіч кажа, што спаліў бы гэтую ўстанову, але ў яго сям’я. Можна было б зразумець, што гэта быў усплеск звычайных эмоцый, калі б не працяг. Звярнуў я ўвагу і на словы Ліі Ахеджакавай, што могуць знайсціся людзі з пагранічным станам псіхікі і гэтую забудову спаляць.

І вось паспрабавалі зляпіць кандыдата на ахвяру. Мушу назваць прозвішча і імя гэтага хлопца, каб абараніць яго ад гэтай правакацыі, – Дзяніс Урбановіч з Лагойшчыны. А што? Асуджаны за пратэст на выбарчым участку, пад прэвентыўным наглядам, “схільны да экстрэмізму”, як прыпісвае яму міліцыя. 15 чэрвеня пад відэазапіс, які вядзе супрацоўнік спецслужб, той жа Зміцер Дашкевіч прапануе Дзянісу спаліць рэстаран, сесці гадоў на дзесяць у турму, а ён, Дашкевіч, будзе сала яму перадаваць. Можна сказаць, пажартаваў перад камерай аператыўніка. Але Дзяніс успрыняў усё сур’ёзна, зразумеўшы, што ідзе маштабная падрыхтоўка правакацыі супраць яго, і пра тое, што адбылося, распавёў многім людзям. Прыходзіцца ўмешвацца і абараняць хлопца.

Яшчэ адным з дадаткаў да гэтых планаў спецслужб з’яўляецца тое, што ў асяродку міліцыі і кадэбэшнікаў, як прагаварыўся адзін з “ціхароў”, запушчана інфа, што “тут (каля брамы комплексу) сабраліся педафілы і бамжы”.

Вось і вымалёўваецца, як кажуць, карціна алеем, – пад што падводзяць расійскія спецслужбы. Выснова такая: паказаць сумленных людзей, абаронцаў нацыянальнай святыні зборам набрыдзі, схільнай да розных непрадказальных дзеянняў.

Разумеючы шкоду такіх планаў, заяўляю, што грамадская дырэкцыя народнага мемарыяла Курапаты ў падрыхтаваным сцэнарыі не будзе ўдзельнічаць і зробіць усё, каб яны былі сарваны. Мы працягваем работу па добраўпарадкаванні і доглядзе нашай Курапацкай святыні згодна са сваімі хрысціянскімі поглядамі.

Алесь ЧАХОЛЬСКІ, кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыяла Курапаты. Артыкул апублікаваны ў газэце “Народная Воля” за 29 чэрвеня 2018 г.

P.S. Пакуль рыхтаваўся гэты артыкул, як чэрці з табакеркі пачалі выскокваць асобы, якія спрыялі незаконнай пабудове і замацаванню тэрыторыі за рэстаранна-забаўляльным комплексам. Як кажа расійская прымаўка, “на воре и шапка горит”.