Зьвяртаемся да грамадзкасьці Беларусі падтрымаць словам і справай існаваньне Народнага Мэмарыялу Курапаты.
Цяперашняя ўлада перашкаджала яго стварэньню, таемна зьнішчаліся і псаваліся памятныя знакі і мэмарыяльнае асяроддзе Курапатаў. Апошнім часам гэтая ўлада намерваецца ўціснуцца ў існуючы Мэмарыял і правесьці там сваю нібыта мэмарыялізацыю з мэтай разбурэньня Народнага Мэмарыялу шляхам чужароднага канструяваньня.
Спадзяемся на дапамогу людзей Беларусі ў справе абараны Народнага Мэмарыялу Курапаты ад псаваньня і разбурэньня з боку ўлады.
Побач з расстрэльнымі магіламі ў ахоўнай зоне Курапатаў маскоўскімі заезднымі асобамі незаконна пабудаваныя будынкі рэстарана з інтымнымі пакоямі, лазьняй і заляй для танцаў пад ганебнай назвай “Бульбаш-хол”. Пасьля звароту грамадзкасьці ў пракуратуру, улады, каб вывесьці з-пад адказнасьці правакацыйныя дзеяньні забудоўшчыкаў, ліквідавалі ахоўную зону ў гэтым месцы. Рэстаран зьбіраюцца адчыняць цяпер пад новай назвай. Але закон ня мае зваротнай сілы. Парушальнікі мусяць быць укараныя, а незаконная пабудова зьнесена.
Зьвяртаемся да беларускай грамадзкасьці дапамагчы спыніць незаконныя дзеяньні маскоўскіх забудоўшчыкаў, адстаяць законнасьць і мэмарыяльны рэжым помніка сталінскага генацыду — народныя могілкі Курапаты.
3 чэрвеня 2018 г., г. Менск
«Дзень памяці пра генацыд». Удзельнікі мітынгу-сходу з нагоды 30-й гадавіны адкрыцьця Курапатаў