Мітынг-рэквіем у Курапатах

29 мая 2018 г.

Навіны

3 чэрвеня сёлета з 13-00 да 16-00 на тэрыторыі Народнага мэмарыялу Курапаты адбудзецца мітынг-рэквіем “Дзень памяці пра генацыд”, прысьвечаны 30-ым угодкам адкрыцьця Курапатаў. Беларусь панесла велізарныя страты ў часы камуністычнай расейскай імпэрыі і асабліва ў перыяд масавых расстрэлаў людзей расейскім НКВД у 1937-1941 гадах. Запалім зьнічкі, ускладзем кветкі на магілах ахвяраў нашага народу. Памятайма, каб жыць і мець будучыню.

Месца правядзеньня – урочышча Курапаты, дзе беларускае грамадзтва стварыла Народны Мэмарыял, які афіцыйна зьяўляецца гістарычна-культурным помнікам. Арганізатар – Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ.

Заяўлены наступны парадак правядзеньня мерапрыемстваў:

1.Каля Крыжа Пакутаў будзе разгорнута выстава фотаматэрыялаў і дакумантаў на стэндах, адбудуцца выступы.

2.Шэсьце на “Галгофу”, да ўзвышша ў цэнтры Мэмарыялу. Зноў будуць прамаўляць выступоўцы, адбудзецца дэкламацыя вершаў, прысьвечаных Курапатам, і твораў беларускіх паэтаў расстралянага пакаленьня.
Атрыманы дазвал Мінгарвыканкама на мітынг-рэквіем па заяўленай праграме.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 29.05.2018 г.