12 траўня адбылася яркая падзея ў жыцьці беларускага народу, выдатная падзея нашай культуры. На радзіме Тадэвуша Касьцюшкі – у Мерачоўшчыне каля Косава на Берасьцейшчыне – быў урачыста адкрыты помнік беларускаму герою, рэвалюцыянэру і ваеначальніку, услаўленаму ў Старым і Новым сьвеце. Манумэнт разьмешчаны насупраць адноўленай сядзібы, якая належала сямьі героя, дзе прайшло ягонае дзяцінства. Захаваліся аўтэнтычныя падвальныя сутарэньні сядзібнага дома. Цяпер у доме разьмешчаны музэй Касьцюшкі.
Аўтар помніка Гэнік Лойка, вядомы менскі скульптар, які працягвае стварэньне сэрыі помнікаў славутым постацям нашай нацыянальнай гісторыі. Нядаўна быў адкрыты ягоны помнік Францішку Скарыне ў Кішынёве.
На цырымонію адкрыцьця прыбыла група сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Патрыёты ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Гучаў покліч “Жыве Беларусь! Жыве вечна!”
Алесь Хадасевіч 21-05-2018