17 сакавіка Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ правяла ў Менску навукова-практычную канфэрэнцыю, пасьвечаную 100-годдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнікі канфэрэнцыі і навукоўцы прыехалі з усяе Беларусі. Панаваў сьвяточны, узьнёслы настрой, людзі віншавалі адзін аднаго з вялікім нацыянальным сьвятам. Заля была ўпрыгожана нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, вышыванымі рушнікамі, букетамі белых і чырвоных ружаў. На пачатку грамада прасьпявала ваярскі гімн БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
Канфэрэнцыю адкрыў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Ён таксама разам са сп. Эдвардам Зайкоўскім, кандыдатам гістарычных навук, сябрам Сойму Партыі і Фронту, вёў паседжаньне канфэрэнцыі. Было зачытана прывітальнае слова сп-ні Івонкі Сурвілы, Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якое грамада сустрэла воплескамі.
На пачатку навуковай часткі паседжаньня быў заслуханы рэфэрат сп. Зянона Станіслававіча Пазьняка, кандыдата мастацтвазнаўчых навук, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”.
Потым выступілі: сп. Краўцэвіч Алесь Канстанцінавіч, доктар гістарычных навук, прафэсар – “Беларуская дзяржаўнасьць у эўрапейскім кантэксьце”; сп. Рудовіч Станіслаў Сьцяпанавіч, кандыдат гістарычных навук – “БНР як дэмакратычная альтэрнатыва бальшавіцкай дыктатуры ў Беларусі”; сп. Голубеў Валянцін Фёдаравіч, доктар гістарычных навук, прафэсар – “БНР і беларуская дзяржаўнасьць”; сп. Трусаў Алег Анатольевіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт – “Моўная сітуацыя ў Беларусі ў час утварэньня БНР”; сп. Лыч Леанід Міхайлавіч, доктар гістарычных навук – “Актывізацыя беларускага нацыянальнага руху: кастрычнік-сьнежань 1917 года”; сп. Дзярновіч Алег Іванавіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт – “Праблема міжнароднага прызнаньня БНР”; сп. Беленькі Юры Адамавіч, народны дэпутат вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня, дэпутат Адраджэньня – “БНР як прадвесьнік Рэспублікі Беларусь”.
Былі зачытаны даклады навукоўцаў, якія не змаглі прыбыць на канфэрэнцыю, але прыслалі свае тэксты: сп. Мазец Валянцін Генрыхавіч, кандыдат гістарычных навук – “БНР як нацыянальная форма беларускай дзяржаўнасьці”; сп-ня Куль-Сяльверстава Сьвятлана Яўгенаўна, доктар гістарычных навук, прафэсар – “Літвінская гісторыка-культурная спадчына ў палітычнай праграме БНР”. Сп-ня Соркіна Іна Валер’еўна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; — “Шляхамі БНР—да 100-годдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі”—прэзэнтацыя
Шэраг іншых беларускіх навукоўцаў абяцаюць перадаць тэксты сваіх дакладаў арганізатарам у бліжэйшы час. Будзе выдадзены юбілейны зборнік навуковых дакладаў, прысьвечаных 100-годдзю БНР.
Удзельнікі канфэрэнцыі пераканаліся ў тым, што ўсе даклады маюць надзвычайную навуковую каштоўнасьць. Апэлюючы фактамі, логікай і мэтадам навуковага дасьледваньня, выдатныя беларускія гісторыкі паказалі, што БНР сапраўды запачаткавала новую беларускую дзяржаўнасьць, была прызнана ў шырокім сьвеце і ўвасобіла цывілізацыйныя памкненьні беларускага народа. А калі ўлічыць, што гэта было зьдзейсьнена ў вельмі цяжкіх умовах сусьветнай вайны, сацыяльна-палітычнай нестабільнасьці, зьмены акупацый, эканамічнага крызісу, то стваральнікамі БНР быў зьдзейсьнены сапраўдны подзьвіг, значэньне якога цяжка пераацаніць. Навукоўцы пазнаёмілі грамаду зь яркімі гістарычнымі фактамі і сьведчаньнямі, якія не былі вядомыя або не разглядаліся раней. Напрыклад, была прадэманстравана публікацыя з фінскага газэтнага друку 1919 г., у якой паведамляецца аб прызнаньні Фінляндыяй Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнікі ўбачылі таксама фота старонак пашпарта грамадзяніна БНР з шэрагам візаў і пячатак, што сьведчыць аб міжнародным прызнаньні гэтага пашпарта, у прыватнасьці, пры перасячэньні дзяржаўных межаў. І г.д.
Быў зачытаны павітальны зварот да ўдзельнікаў канфэрэнцыі ад амбасады ЗША ў Менску. У залі прысутнічаў таксама прадстаўнік амбасады Украіны ў Менску. Удзельнікі віталі іх воплескамі.
Грамаду павіталі таксама фронтаўцы першага пакаленьня вядомы мастак сп. Алесь Марачкін і сп. Мечыслаў Бурак.
У канцэртнай частцы выступіла вядомая сьпявачка Тацьцяна Грыневіч. Яна цудоўна выканала патрыятычныя і лірычныя беларускія песьні, якія даўно ведаюць і любяць нашы людзі.
На прыканцы грамада засьпявала беларускі нацыянальны духоўны гімн “Магутны Божа”. Гучалі поклічы “Жыве Беларусь! Слава героям!”
Пасьля завяршэньня канфэрэнцыі прадстаўнікі ўдзельнікаў прышлі ў Народны мэмарыял Курапаты і ўсклалі кветкі да Трох Крыжоў на пагорку Кальварыя ў цэнтры мэмарыяла, ушаноўваючы памяць сьвятых пакутнікаў нашага народа.
17 сакавіка 2018 г.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ