(Сойм КХП-БНФ)
13-18 лютага сёлета рэжым праводзіць чарговае мерапрыемства пад назвай “Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў”.
У існуючай антынароднай палітычнай сістэме адсутнічае інстытут мясцовага самакіраваньня. Мясцовыя Саветы зьяўляюцца намінальнай уладай, іх дзейнасьць мае дэкаратыўны характар. Саветы стварае і поўнасьцю імі кіруе рэжымная вертыкаль. Мясцовыя Саветы выкарыстоўваюцца ў якасьці псэўдадэмакратычнай шырмы , за якой хаваецца карумпаваная і хлусьлівая рэжымная бюракратыя. Галоўная задача цяперашніх “выбараў” надаць бачнасьць легітымнасьці рэжымнай палітычнай сістэме, дэзарыентаваць беларускае грамадзтва, выпусьціць сацыяльную энергію незадаволенасьці ў пустое дзеяньне.
Абсалютная бальшыня выбаршчыкаў цудоўна разумее, што аніякіх выбараў у краіне няма. Праводзіцца чарговы рэжымны спэктакль.
Мы мяркуем, што беларусы не зганьбяць сябе, ня будуць дапамагаць рэжыму ілгаць народу і замежным грамадзянам пра ўсенародную падтрымку, якую яны намалююць, ня будуць падтрымліваць фальшывую антыбеларускую палітыку. Дзеля дабра і справядлівасьці лепш трымацца далей ад рэжымнага балота, але зьберагчы сваё сумленьне, розум і дух.
Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ Менск. 11 лютага 2018 г.