(Вытрымка з выступу на лістападаўскім Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
(…) У гэтым годзе было некалькі вызваньняў для нашага грамадзтва і Партыі. Галоўныя – гэта вясеннія пратэсты супраць дэкрэта № 3 пра “дармаедаў” і летне-асеньнія трывожныя чаканьні пуцінскай авантуры супраць Беларусі ў сувязі з расейскімі вайсковымі вучэньнямі “Захад 2017”.
Мы сурёзна рыхтаваліся да гэтых падзей і ў цэлым наша праца была не дарэмная. Мы правялі Асамблею патрыятычных сілаў, некалькі лакальных мітынгаў супраць акупацыйных планаў Масквы і ў цэлым спрыялі пастаяннаму абмеркаваньню расейскай пагрозы ў нашым грамадзтве. Нашыя заклікі да супраціўленьня акупантам у выпадку адкрытай агрэсіі Масквы былі пачутыя ўсюды.
У гэты перыяд мы стварылі Народную Праграму “Вольная Беларусь” і вызначылі рацыянальныя падыходы ў нашай партыйнай палітыцы. Сутнасьць гэтых падыходаў – адраджэньне станоўчага вобразу Партыі і палітыка накіраваная на гуртаваньне патрыятычных сіл перад небясьпекай расейскай гібрыднай акупацыі.
Мушу адзначыць, што часткова гэта нам удалося і становішча Партыі ў грамадзтве падвысілася, стала на добрым шляху. Гэтаму спрыяла таксама наша выніковая дзкйнасьць у Курапатах, асабліва стварэньне Грамадзкай дырэкцыі Народнага Мэмарыялу Курапаты, устаноўка па пэрымэтру помніка 60 высокіх мэталёвых крыжоў,устаноўка тэматычных, падпісных шасьцімэтровых крыжоў на Курапацкай Кальварыі і асабліва добрае правядзеньне Дзядоў на годным і салідным узроўні.
Яшчэ вясной былі вызначаныя жорсткія прынцыпы, накірунак на перацягненьне актыўных людзей на бок нашай патрыятычнай пазыцыі, забесьпячэньне лаяльных адносін з боку недалучаных асобаў і стварэньне прыяцеляў Партыі. Мы скарысталі стрыманы індывідуальны падыход так, як некалі ў Вярхоўным Савеце, дзе мы былі абсалютнай мяншыняй, але здолелі дамагацца свайго.
Мушу асабліва адзначыць, што ў становішчы палітычнай меншасьці, ці ў стане створанага прапагандай нэгатыўнага вобразу вельмі важнай для палітычнай арганізацыі ёсьць задача прымусіць праціўніка паважаць гэтую арганізацыю. Менавіта так было ў Вярхоўным Савеце. Камуністы нас ненавідзелі і міжволі паважалі.
Павінен сказаць, што сур’ёзная пазыцыя і паводзіны нашай Партыі (асабліва на фоне псэўдаапазыцыйных прадстаўнікоў) апошнім часам дае плён. Яно выявілася ў тым, што ў гэтым годзе ўпершыню бюракратыя адчыніла нам (тройчы) Кіеўскі сквер для правядзеньня мітынгаў; не ўзьнікла праблем з памяшканьнем пад Асамблею патрыятычных сілаў, з дазволамі на Дзяды, а падступныя задумка рэжыму пранікнуць у Курапаты пад выглядам дабрадзеяў і разваліць Народна Мэмарыял, фактычна, ўжо правалілася. Абстаноўка вакол Партыі ў грамадзтве стала лепшай, трольная прапаганда страціла імпэт. Наша задача цяпер ствараць прыхільнікаў. Яны стануць запасам, рэзэрвам партыйнай пэрспэктывы. (…)
12 лістапад 2017 г. Зянон Пазьняк