У нашым народзе і ў нашай арміі (нягледзячы на цяжкі стан, у які загналі яе рэжымныя выканаўцы волі Масквы), безумоўна, ёсьць таленавітыя афіцэры ўсіх узроўняў, перакананыя патрыёты Беларусі, мужныя і вопытныя людзі, для якіх нацыя і гонар – самае галоўнае ў жыцьці. Ёсьць выдатныя тактыкі, штабныя афіцэры, камандзёры, для якіх ваеннае мастацтва – ня проста прыгожы выраз, а аснова жыцьцёвага выбару і пакліканьне. Ёсьць тысячы беларусаў у вайсковай уніформе, якія па сваіх маральных і прафэсійных якасьцях былі б пажаданым набыткам для кожнай, самай сучаснай арміі. Мы ведаем, аднак, як у рамках аслабленьня, дэмаралізацыі і ліквідацыі дзяржаўных беларускіх інстытуцый, лукашыстоўскі рэжым пад кіраўніцтвам Крамля разбурае Беларускую армію.
Афіцэры і жаўнеры распавядаюць пра нізкі ўзровень прафэсійнай падрыхтоўкі, слабое фінансавае і тэхнічнае забесьпячэньне войскаў. У параўнаньні з арміямі суседніх краін дзяржаўная аплата за службу і сацыяльныя гарантыі для афіцэраў мізэрныя (ды нават і ў параўнаньні з аплатай мясцовай міліцыі). У нашай нацыянальнай арміі культывуецца адданасьць чужой дзяржаве, насаджаецца русіфікацыя, праводзіцца брутальная “прамыўка мозгаў”. Бліскучыя вайсковыя кар’еры робяцца не выдатнымі беларусамі, а ў асноўным маскоўскімі асаднікамі і нават камандыровачнымі адтуль асобамі. Для Масквы і васальнага рэжыму галоўнае заключаецца ў тым, каб гэтая армія не бараніла і не магла бараніць Беларусь ад адзінай зьнешняй сілы, якая сапраўды ўяўляе сабой сьмяротную пагрозу для нашай дзяржавы і народу – ад Расеі.
Гэта стала настолькі відавочным для грамадзтва, што журналісты ўрэшце пачалі пытацца лукашыстоўскіх чыноўнікаў у мундзірах, чаму ўсё так (дзякуй, урэшце дадумаліся спытацца). І вось адзін высокапастаўлены вайсковы дзеяч рэжыму не стрымаўся і пачаў апраўдвацца ды пярэчыць. Можа ён грукнуў кулаком па стале і гукнуў у аўдыторыю, што Беларусь – яму самая дарагая ў сьвеце і ён гатовы за яе жыцьцё аддаць? Можа ён успомніў публічна пра Давіда Гарадзенскага, Юрыя Радзівіла і Касьцюшку, пра неўмяручую славу і беларускую мілітарную традыцю? Можа ён сказаў добрае слова пра беларускага афіцэра і жаўнера? Можа нагадаў хаця б у двух словах, маўляў, “наша армія бароніць краіну як на захадзе, так і на ўсходзе”? Урэшце можа ён раптам узяў ды перайшоў на дзяржаўную беларускую мову?
Ды не, гэтым ён сябе не абцяжарыў. Проста не дадумаўся да “такой крамолы”. Генэрал пачаў бубнець пра СССР, рускую школку ў вайсковым гарадку ў Барысаве, пра сваю сям’ю спадчынных унівэрсалаў-асаднікаў, якія пасьпелі засьвяціцца і ў савецкай Эўропе, і ў савецкай Азіі. І ўрэшце выдаў: “Родина — это там, где мой дом”. Пры гэтым ня змог не схлусіць. Парода. Карацей, “Русский мир”…
Што ж, карысна пачуць такую шчырасьць. І вось ТАКОЕ ГЭТА камандуе Генштабам нашай нацыянальнай арміі…
Павел Гулевіч
=======
Начальнік Генэральнага штабу УС Беларусі адказаў на папрокі пра сваё расейскае паходжаньне
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Алег Белаконеў адказаў крытыкам, якія папракаюць яго расейскім паходжаньнем.
Падчас інтэрв’ю тэлеканалу АНТ першы намесьнік міністра абароны Беларусі адказаў на пытаньне вядоўцы пра небеларускае паходжаньня вайскоўца. Такія прэтэнзіі да Белаконева, як сказаў вядоўца, гучалі ў кантэксьце вучэньняў «Захад-2017».
Генэрал-маёр адказаў, што ставіцца да гэтага абсалютна спакойна. Ён нагадаў, што ў СССР усе нацыянальнасьці называліся савецкім народам.
«На жаль, цяпер некаторыя буйныя спэцыялісты, якія любяць нашу радзіму з-за мяжы, відаць, гэта больш прэстыжна, яны падмяняюць паняцьці радзімы. Вось у мяне брат нарадзіўся ў Ташкенце. Ён жа не зьяўляецца стаўленікам прэзыдэнта Ўзбэкістану. А дзеці ў Нямеччыне — яны ж не зьяўляюцца стаўленікамі Ангелы Мэркель», — сказаў Белаконеў.
На рэпліку вядоўцы, што такія прэтэнзіі, відаць, выстаўляюць маладыя людзі, якія ня памятаюць СССР, Начальнік Генштаба адказаў: «Ніхто пры гэтым ня кажа, што я школу заканчваў тут, у горадзе Барысаве.
І яшчэ невядома, хто яго будзе абараняць лепш: я ці тыя, хто пра гэта кажа
Што я прызываўся ў войска Барысаўскім ваенкаматам. У мяне тут пахаваны бацька, тут жыве мая мама. Пасьля распаду СССР я вярнуўся да сябе дадому. Радзіма — гэта там, дзе твой дом. І яшчэ невядома, хто яго будзе абараняць лепш: я ці тыя, хто пра гэта кажа».
Белаконеў нарадзіўся ў Прыморскім краі Расеі. Ва Ўзброеных Сілах з 1983 году.