(Верасьнёўскі Сойм 2017 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)
10 верасьня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “З Богам! За Беларусь!”. З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўца падвёў вынікі дзейнасьці партыйнага актыву за жнівень і пачатак верасьня. Праведзена два вельмі значныя мерапрыемствы – Асамблея патрыятычных дэмакратычных сіл і мітынг на Дзень Беларускай вайсковай славы. Нягледзячы на інфармацыйную блакаду, нам удалося зьдзейсьніць самае галоўнае – паведаміць грамадзтву пра небясьпеку страты суверэнітэту і пачатак гібрыднай акупацыі Беларусі з боку Расеі, якая разгортвае на нашай тэрыторыі сваё 100-тысячнае войска і вялікія масы ваеннай тэхнікі. Мы заявілі пра гэта выразна і адназначна. Мы выканалі свой палітычны абавязак перад народам і сказалі, што трэба рабіць у такой сытуацыі. І многія людзі пачулі наш заклік. Нават псэўдаапазыцыйныя структуры вымушаны былі зьмяніць свой дыскурс і памяняць лёзунгі з абстрактна-пацыфісцкіх на больш адпаведныя ваеннай небясьпецы. Схаваць ад народу дзеяньні і зварот патрыятычнага авангарда не атрымалася. Будзем працягваць дзейнічаць у гэтым накірунку, абуджаць грамадзтва, раіцца зь людзьмі, працаваць усе разам у справе нацыянальнай салідарнасьці і супраціву агрэсару.
Выступовец зазначыў, што калі раней маскоўскіх тэлепрапагандыстаў у жніўні-верасьні пасылалі ў адпачынак, то сёлета гёбэльсаўская машына працуе ў гэты пэрыяд на поўную моц: ток-шоў, праграмы, крык і лямант у эфіры не спыняюцца ні на дзень. Масква падаграе насельніцтва Расеі, не спыняючы яго замбаваньня. Бачна, што адбываюцца нейкія дзеяньні крамлёўскага рэжыму, якія павінны кардынальна зьмяніць становішча ня толькі ў нашым рэгіёне, але і ва ўсёй Эўропе. Аналізуючы інфармацыю, мы робім выснову, што Масква рыхтуецца да буйнамаштабнай вайны. І менавіта да вайны з нашай тэрыторыі.
Сябры Сойму далучыліся да гэтай дыскусіі. Яны паведамілі пра зьвесткі, што атрымалі з СМІ. Беларускія падразьдзяленьні пераводзяцца на палігоны. З вайскоўцамі вядзецца прапагандысцкая праца на тэму “Мы должны показать Западу! Мы ім покажем!” Пакуль невядома, хто і што будзе разьмешчана на тэрыторыі пастаяннай дыслакацыі беларускіх падразьдзяленьняў, на іхніх пазыцыях, пакуль беларускія вайскоўцы знаходзяцца на палігонах. Ня выключана, што там будуць войскі чужой дзяржавы. У некаторых месцах гэта ўжо адбываецца. СМІ паведамілі таксама, што з беларускага боку на памежжы з Украінай праводзіцца маштабная высечка лесу (нібыта “для барацьбы з караедамі”). Мясцовыя жыхары паведамляюць, што высякаецца ўсё запар, і здаровыя і нездаровыя дрэвы. Чаму такім чынам на памежжы з нашым мірным, цывілізаваным суседам адкрываюцца вялікія пустыя прасторы? Якія “караеды” павінны пайсьці па гэтых новаўтвораных палях на тэрыторыю суседняй дзяржавы? Чаму гэта робіцца менавіта зараз. Людзі бачаць гэта, і сэрцы напаўняюцца трывогай. Сярод сяброў Сойму былі мужчыны, якім падчас службы ў савецкай арміі давялося паўдзельнічаць у ваенных інвазіях у Чэхаславакію (1968 год) і Аўганістан (1980-я гады). Яны распавялі пра слабую падрыхтоўку і штучную дэмаралізацыю мясцовых армій, пра палігоны і падпарадкаваньне вышэйшага ваеннага камандаваньня гэтых краін загадам Масквы. У гэтых умовах сам народ узьнімаўся на барацьбу з акупантамі. Савецкія войскі не маглі даць рады народнаму супраціву. Салідарны народ – магутная сіла, здольная нават прадухіліць вайну. Вось гэта трэба даводзіць нашаму грамадзтву.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 10 верасьня 2017 г.