З. Пазьняк: Наша пазыцыя (Партыі КХП – БНФ)

6 верасня 2017 г.

Навіны

6 верасень 2017 г.

Мы лічым, што праводзіць акцыі прысягі Бацькаўшчыне-Беларусі і пратэсты супраць расейскіх вайсковых вучэньняў “Захад-2017”, якія груба парушаюць суверэнітэт Беларусі, трэба па ўсёй краіне і ў розных месцах (і ня толькі 8-га верасьня, але і потым).

Зьбіраць ўсіх у адно месца ў Менску (прытым дрэнна забясьпечанае з праўнага боку) — ня лепшы варыянт (ужо былі падзеі 2010 года з тымі ж выканаўцамі і ў падобным выкананьні). Для таго, каб запабегчы ўплыву правакатараў і рабіць агульную справу, патрэбны шырокі фронт па ўсёй краіне. Абсяг і накірунак дзейнасьці паказала сёлетняя вясна

Мы нікога не крытыкуем за выказваньне розных поглядаў, калі людзі яднаюцца па адной пазыцыі — абарона суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі. Гэтак жа як і на Асамблею патрыятычных дэмакратычных сілаў мы запрашаем на Дзень Беларускай Вайсковай славы ўзьняць свой голас усіх грамадзян Беларусі, якія занепакоены лёсам Айчыны і ўваходжаньнем расейскага войска на тэрыторыю нашай краіны.

Мы сур’ёзна ацэньваем становішча, якое склалася, заклікаем да салідарнасьці, да рабленьня патрэбнай супольнай справы дзеля волі і незалежнасьці Бацькаўшчыны.

8 верасьня ў 18 гадзін у Менску у Кіеўскім скверы на бульвары Шаўчэнкі адбудзецца сьвяточны сход і мітынг пратэсту супраць інвазіі расейскага войска, будзе зачытана змагарная прысяга Пабрацімаў і прынята грамадзянская прысяга на вернасьць Беларусі па ўжо надрукаваным тэксце, агучаным Уладзімерам Някляевым.

Паўтараем публікацыю тэкста гэтай прысягі зь невялікімі ўдакладненьнямі.

Я … дзеля Бога і Беларусі: клянуся змагацца за свабоду і незалежнасць Беларусі; клянуся берагчы Беларусь у сэрцы маім, абараняць яе ад любога, адкуль бы ён ні прыйшоў, ворага; клянуся быць верным Беларусі і ніколі не здрадзіць маіх сяброў, якія змагаюцца за вольную Радзіму. Слава Айчыне! Жыве Беларусь!