Зянон ПАЗЬНЯК: ВІНШАВАНЬНЕ З ДНЁМ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

25 жніўня 2017 г.

Навіны

Паважаныя землякі, дарагія беларусы! Віншую ўсіх з найвялікшым нацыянальным сьвятам — Днём Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

26 гадоў таму, 25-га Жніўня 1991 года, на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета ХІІ-га скліканьня, пасьля цяжкага і ўпартага змаганьня дэпутатаў Апазыцыі БНФ супраць камуністычнай бальшыні парляманту і пры падтрымцы дзясяткаў тысячаў людзей на плошчы, Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону, прынятыя іншыя дакуманты аб Незалежнасьці Беларусі. З гэтага дня Беларусь юрыдычна, з гледзішча беларускага і міжнароднага права, стала вольнай, самастойнай, незалежнай краінай, прызнанай усім сьветам. Збылася мара пакаленьняў, і мэта амаль двух стагоддзяў барацьбы патрыётаў за Незалежнасьць краіны. Незалежная Беларусь адбылася, стала рэальнасьцю.

Наша Незалежнасьць, наша незалежная Дзяржава і наша Беларуская Мова ёсьць найвялікшыя каштоўнасьці нацыі. Беражэм нашу незалежную Дзяржаву! Шануйма нашу Беларускую Мову! У цяжкі час і кожны дзень аберагайма нашы каштоўнасьці — Дзяржаву і Мову. Гэта грунт нашай нацыянальнай будучыні і вольнага жыцьця.

Слава Айчыне! Жыве Беларусь!

25 Жнівень 2017 г.Зянон ПАЗЬНЯК