Аб наступальнай групоўцы войскаў Расеі ў Беларусі

2 жніўня 2017 г.

Навіны

Расейская Фэдэрацыя падчас расейска-беларускіх вучэньняў “Захад-2017” можа ўтварыць наступальную групоўку на тэрыторыі Беларусі, якая будзе пагражаць як усходнім межам НАТО, так і Украіне. Такую думку выказаў у камэнтары УНН дырэктар ваенных праграм Цэнтра Разумкова Мікалай Сунгуроўскі.

“Гэтыя вучэньні ня толькі самы па сабе нясуць небясьпеку, але і з пункту гледжаньня паводзінаў самой Расеі. Калі ўзяць, напрыклад, вучэньні “Каўказ-2008”, то зь іх якраз вырасла акупацыя Грузіі. Калі ўзяць вучэньні, якія праводзіліся з 2014 года да цяперашняга часу на тэрыторыі Паўднёвай акругі Расеі, то за кошт гэтых вучэньняў утвораны групоўкі войскаў на нашай мяжы. Тобок, няма ніякіх абгрунтаваньняў меркаваць, што “Захад-2017” будзе нечым адрозьнівацца. Тут такія ж пагрозы – могуць быць утвораны групоўкі для раптоўных дзеяньняў, у тым ліку па Украіне, альбо на тэрыторыі Беларусі будзе ўтвораны плацдарм ці наступальная групоўка, якая стане пагражаць як усходнім межам НАТО, так і Украіны ў будучыні”, — сказаў М. Сунгуроўскі.

Гэта йдзе да таго, зазначыў ён, што НАТО і Украіна вымушаны выдаткоўваць рэсурсы для супрацьстаяньня такой пагрозе.

“Акрамя таго, гэта будзе выкарыстоўвацца як дэстабілізуючы чыньнік альбо чыньнік прымушэньня пайсьці на саступкі Расеі пры магчымых перамовах”, — мяркуе экспэрт.

Ён зазначыў, што Україна мае патрэбу ў дапамозе НАТО яшчэ і зыходзячы з таго, што не спыняецца актывізацыя баявых дзеяньняў на Данбасе.

“З пункту гледжаньня магчымага нарошчваньня групоўкі ў Беларусі тым больш нам будзе неабходны абарончы патэнцыял для таго, каб супрацьстаяць такой пагрозе”, — удакладніў ён.

Па словах М. Сунгурскага, яшчэ з Уэльскага саміту падкрэсьлівалася, што НАТО і яго сябры згодныя аказваць такую дапамогу.

“Але далей за словы справа ня йдзе”, — удакладніў ён.

На пытаньне УНН аб тым, ці рыхтуецца Украіна да магчымых правакацый з боку РФ у сувязі з правядзеньнем у верасьні вайсковых вучэньняў “Захад-2017”, М. Сунгуроўскі распавёў, што яго пераконвалі ў Генштабе, што такія захады прымаюцца. Але якія канкрэтна, не сказалі, спасылаючыся на вайсковую таямніцу.Нагадаем, што міністр абароны Украіны Стэпан Палтарак заявіў, што маштабныя расейска-беларускія вучэньні “Захад-2017”, запланаваныя на верасень, могуць быць выкарыстаны для разгортваньня агрэсіі супраць Украіны і любой іншай краіны Эўропы.

Пераклад з расейскай. Крыніца: http://www.unn.com.ua/ru/exclusive/1674082-rf-pid-chas-navchan-zakhid-2017-mozhe-stvoriti-nastupalne-ugrupovannya-viysk-u-bilorusi-ekspert