Народная Праграма Вольная Беларусь – гэта праект новай Беларусі. Распрацавана салідарным калектывам палітыкаў і спецыялістаў дзеля вольнай будучыні краіны, для выкарыстання будучым Часовым ці Пераходным Урадам дзяржавы альбо іншым палітычным утварэннем, якое пасля ліквідацыі антынароднага рэжыму возьме на сябе адказнасць за лёс і будучыню Рэспублікі Беларусь. Над Праграмай працаваў калектыў аўтараў (9 асобаў), якія жывуць у Беларусі і за межамі краіны. Кіраўнік калектыва стваральнікаў Праграмы Зянон Пазьняк.
Асноўная задача праграмы – праект пабудобы новай, постлукашэнкаўскай Беларусі. Як казалі аўтары і стваральнікі праграмы – лукашэнкаўскі рэжым можа існаваць яшчэ доўга, але можа стацца так, што абваліцца ў любую хвіліну, таму трэба быць падрыхтаваным да гэтага і стварыць сапраўды беларускую праграму, бо на гэта месца зноў могуць прыйсць псеўдабеларускія ці прарасійскія аўтары.
У Вільні праграму прэзентавалі: Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі і Сяргей Папкоў. Зянон Пазьняк у сваім вступе спыніўся на палітычных момантах пабудовы новай Беларусі, Лявон Баршчэўскі па адукацыі і Сяргей Папкоў зрабіў ухіл на эканамічнае развіццё краіны.
Падчас выступлення былі закранутыя пытанні вяртання беларускай мовы ў грамадства. Гэты працэс не павінен быць рэзкім і балючым, але ў той час беларуская мова павінна ў Беларусі заняць лідыручае становішча. Зразумела, што для развіцця любой нацыі неабходна функцыянаванне яе мовы. Першае, куды неабходна вярнуць мову – гэта сфера адукацыі, бо менавіта праз школу, вышэйшыя навучальныя ўстановы фарміруецца мова чалавека.
Абмяркоўвалася і пытанне люстрацыі беларускага грамадства. Гэта зноў жа балючая, але неабходная працэдура, павінны выяўляцца ўсе прыхільнікі і супрацоўнікі дыктатарскага рэжуму. Без іх працы лукашэнкаўскт рэжым не змог бы столькі пратрымацца.
Важным аўтары праграмы лічаць выхад з еўразійскага эканамічнага саюзу. Але, на іх думку, не трэба спяшацца з інтэграцыяй з Еўрапейскім Саюзам, які сам перажывае эканамічны і іншыя крызісы. З Расіяй трэба будаваць разумную палітыку, якая не павінна прывесці да чарговай эканамічнай ці палітычнай акупацыі.
Зянон Пазьняк выказаўся і наконт магчымай вайны з Расіяй, адзначыўшы, што ўсё будзе залежыць ад волі беларускага народа, калі будзе супраціўленне – будзе свабода. Бо на міжнародным узроўні гэта будзе азначаць акупацыю Беларусі. Зразумела, калі будзе ціхая акупацыя, то ніякіх перспектыў на бліжэйшы час у Беларусі не будзе.
Аўтары “Вольнай Беларусі” лічаць, што ніякая праграма не зможа быць рэалізаванай, калі не будзе мець сваіх прыхільнікаў. Прыхільнікі ёсць, а вось асяроддзе не арганізавана, яе трэба ствараць. Любы дэмакратычны рух пачынаецца з асветы. У нашай сітуацыі вельмі важна нацыянальнае асвета нашага народа. Гэта можа рабіць інтэлігенцыя - яна мае адукацыю, магчымасці, якія сёння да таго ж пашырае інтэрнэт. У розныя часы менавіта інтэлігенцыя займалася адраджэннем нацыі. Другі момант - выклікаць хвалю самаарганізацыі людзей вакол гэтых ідэй. Ёсць вопыт стварэньня Народнага Фронту: у аснове з’явілася ідэя, з’явіліся групы падтрымкі, самаарганізацыя і г.д. Павінны ўзнікаць групы падтрымкі «Вольнай Беларусі», улічваючы ўмовы, у якіх мы знаходзімся: любая новая арганізацыя можа справакаваць рэпрэсіі. Але сёння зусім іншая сістэма згуртавання. Народ можа жыць паралельным жыццём - гісторыя паказала гэта на прыкладзе Савецкага Саюза. Чаму так хутка абваліўся камунізм? Людзі чулі гэтыя лозунгі, але жылі сваім жыццём, зразумелі, што ўступленне ў кампартыю - гэта толькі магчымасць рэалізавацца, не ўступіў - ты ніхто. Калі ж пачало ўсё бурыцца, у кампартыі засталася толькі наменклатура, якая гэта падтрымлівала, людзі ж проста адтуль павыходзілі.
Зараз, на думку аўтараў, трэба дапамагчы народу зразумець, што яму неабходна самаарганізавацца, каб рух Вольная Беларусь быў арганізаваны і ахапіў усю краіну. І зразумела, самае галоўнае Для пабудовы новай постлукашэнкаўскай Беларусі неабходна стварыць такое заканадаўства, каб было немагчымым паўтарэнне дыктатуры. На прэзентацыю праграмы прыехалі байцы з тактычнага батальёна “Беларусь”, што змагаюцца за незалежнасць на Ўкраіне. Падчас свайго выступу распавялі аб сітуацыі, якая склалася на Данбасе. Адбылася з гледачамі жывая дыскусія, прагучала нямала пытанняў.
Напрыканцы аўтары праграмы зазначылі, што рана ці позна Беларусь пераможа, што падцвярджаецца яе доўгім і трагічным шляхам.
Сустрэчу арганізавалі і правялі Таварыства беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыя “Крывія”.
13/05/2017. Алесь Адамковіч
Крыніца: http://westki.info/tbk/22201/zyanon-paznyak-u-vilni-prezentavau-narodnuyu-pragramu-volnaya-belarus