- (Красавіцкі Сойм 2017 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)*
9 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, — “Народ адзіны. Нельга йсьці за правакатарамі канфлікту” (публікуецца). З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту.
Выступоўца прааналізаваў наступствы падзей апошняга часу. Беларускае грамадзтва ўбачыла, зь якой нянавісьцю, як зьняважліва ставіцца прамаскоўскі рэжым да беларусаў. Людзі выйшлі на мірнае сьвяткаваньне свайго найвялікшага сьвята – Дня Волі, а рэжым кінуў на іх паліцэйскія сілы, прадэманстраваў сваю брутальную антычалавечую сутнасьць. Цяпер мільёнам людзей канчаткова зразумела, што ў Беларусі існуе рэжым акупацыі, кіруемы антынацыянальнымі коламі, які ня мае нічога агульнага з законнасьцю, Канстытуцыяй і самой нашай дзяржавай. Людзі ў адкрытую і без страху кажуць, што рэформы і прагрэсіўнае разьвіцьцё магчымыя толькі пасьля адхіленьня ад улады тых, хто выконвае палітычную волю і абслугоўвае эканоміку чужой дзяржавы, толькі пасьля ўсталяваньня ў нашай краіне беларускай дэмакратычнай улады. Грамадзтва адчула, што ў сакавіцкія дні адбыўся выразны пералом у сацыяльна-палітычным жыцьці – беларусы перасталі баяцца рэжыму і прызналі неабходнасьць нацыянальнай кансалідацыі і змаганьня за вызваленьне Айчыны. Ідэя разьвіцьця руху “Вольная Беларусь” зьяўляецца вельмі своечасовай. Наша задача – пашыраць гэтую ідэю, гуртаваць грамадзтва пад нашым сьвятым Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Групы падтрымкі павінны ўзьнікнуць па ўсёй краіне. Менавіта разгортваньне магутнага шырокага палітычнага руху – Беларускага Народнага Фронту – дазволіла нашаму народу перамагчы камунізм і аднавіць сваю незалежную дзяржаву. Іншага шляху невідаць і цяпер.
Таксама выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра абурэньне людзей дзікімі дзеяньнямі рэжыму супраць мірных грамадзян у сталіцы і іншых гарадах. Нават такая кансэрватыўная частка грамадзтва, як настаўніцтва, не маўчыць, а рэзка асуджае расправы і арышты. Ніхто ўжо не называе гэтую ўладу сваёй, беларускай.
Сябры Сойму выказалі заклапочанасьць планамі рэжыму разгарнуць “будаўніцтва дзяржаўнага мэмарыялу” у Курапатах. Мэмарыял там ужо ёсьць – Народны Мэмарыял, створаны за апошнія 20 гадоў нашым народам у адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі, культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі. Усе гэтыя гады антыбеларускі рэжым рабіў спробы зьнішчыць, абылгаць памяць ахвяраў, пахаваных у Курапатах, разбурыць крыжы на магілах пакутнікаў. І вось цяпер рэжым са сваёй “арганізацыяй” РПЦ зьбіраецца акупаваць Курапацкую сьвятыню і прыступіць да зьнішчэньня крыжоў і магіл расстраляных.
У людзей выклікае агіду рэжымная заява аб тым, што ў Курапатах “будзе помнік прымірэньня і яднаньня ўсіх”. Ня можа быць “прымірэньня і яднаньня” фашыстоўскага СС з ахвярамі фашызму і маскоўска-бальшавіцкага НКВД з ахвярамі расейскага тэрору. Тым больш, што ў справе расейскага тэрору і арганізаванага Масквой генацыду беларускага народу яшчэ не было трыбунала, а пры ўладзе знаходзяцца спадчыньнікі і прадаўжальнікі справы забойцаў, і яны кіруюцца камандамі з таго ж цэнтру – імпэрскай Масквы.
Сябры Сойму прышлі да высновы, што маскоўска-рэжымная правакацыя ў Курапатах павінна стацца нагодай для кансалідацыі нашага грамадзтва і агульнай мабілізацыі патрыётаў на абарону сьвятыні. Па ўсёй краіне людзі зьбіраюцца ехаць у Менск, каб далучыцца да абаронцаў. Якраз абарона дазволіць распаўсюдзіць і ўмацаваць гарызантальныя структуры руху “Вольная Беларусь”. Беларусы павінны разглядаць абарону Курапатаў як першы крок да агульнанацыянальнага змаганьня за вызваленьне Беларусі.
Сойм абмеркаваў і ўхваліў дакуманты, якія неўзабаве будуць апублікаваны.
Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” 9 красавіка 2017 г.