Пазьняк адказаў на рэпартаж БТ: «Ня верце Лукашэнку, трэба пратэставаць, выходзіць на плошчы»

13 сакавіка 2017 г.

Навіны

(13 сакавік 2017, Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода)

Старшыня КХП БНФ Зянон Пазьняк назваў хлусьнёй перадачу Беларускага тэлебачаньня дзе была заяўлена пра ягоны, нібыта, заклік ня ўдзельнічаць у акцыі з нагоды Дня Волі 25 сакавіка.

Асноўнаю тэмаю галоўнай прапагандысцкай праграмы БТ «Главный эфир» у нядзелю стаў дэкрэт № 3.Таксама была паказаная відэацытата Зянона Пазьняка, які гаварыў пра правакацыі на акцыі 25 сакавіка ў Менску. За кадрам прагучалі словы вядучага пра заклік палітыка не ісьці на дэманстрацыю.

У камэнтары для Радыё Свабода ён абвергнуў словы БТ: “Характэрнасьцю гэтай хамскай антынароднай улады ў Беларусі і яе халуйскай абслугі ёсьць прадажнасьць і хлусьня. Яны ўжо 22 з паловаю гады ілгуць народу і ўсяму сьвету. Няўжо яшчэ ёсьць людзі, якія вераць іхняму тэлебачаньню?!” Пазьняк падтрымаў таксама акцыі ў беларускіх гарадах супраць “падатку на дармаедзтва”:

“Беларусы выйшлі на вуліцы й плошчы з пратэстам, таму што іх зьняважылі абразьлівым, паскудным словам «дармаеды» і хочуць садраць грошы з беспрацоўных. Тым, хто сумняваўся ў людзях, паглядзіце цяпер, які гэта прыгожы, адкрыты і разумны народ, як дакладна людзі фармулююць свае думкі і пратэсты, якая трапная лексіка бяз грубых словаў і зьняваг, якое вострае абурэньне! Але людзі не жывуць нянавісьцю, перажываюць за родную Беларусь, як жанчына ў Бабруйску, якая плакала за будучыню краіны.”

Палітык бачыць у вулічных пратэстах адзіную магчымасьць для людзей абмяняцца думкамі і адчуць сябе моцным народам: “Трэба пратэставаць, выходзіць на плошчы. Але нельга дапусьціць, каб нашых даверлівых людзей у чарговы раз ашукалі правакатары ды падставілі пад удар бандытаў, якія захапілі ўладу. Таму дзьве парады: быць уважлівымі, не паддавацца на правакацыі непатрэбных учынкаў. І другое: самаарганізоўвацца ў групы працоўных беларусаў і супраціўляцца антынацыянальнай палітыцы ўлады. Толькі арганізаваны народ ёсьць сіла. Мэтай змаганьня хай будзе вольная Беларусь. Гэта наша краіна, гэта наша зямля. І трэцяя парада: ня верце Лукашэнку і яго ілжываму тэлебачаньню, ні менскаму, ні, тым больш, маскоўскаму. Верце свайму сумленьню”. - заявіў Зянон Пазьняк

Радыё Свабода Дзьмітрый Гурневіч