Беларусь, якая як і Україна, імкнецца атрымаць безвізавыя адносіны з Эўразьвязам, павінна будзе на сваёй тэрыторыі паставіць ізалятары і лягяры для ўцекачоў, якіх раней у гэтай краіне не было. З усходняй Эўропы штогод прыбывалі ў Эўразьвяз сотні тысячаў уцекачоў. Праз Беларусь ідуць пераважна чачэнцы.
Мігранты ідуць у Эўразьвяз не толькі праз Сяродземнамор’е, але таксама праз Усходнюю Эўропу, ды яшчэ ў колькасьцях, якія нельга недаацэньваць. За мінулыя два гады ў Польшчу або ў Чэхію прыбылі сотні тысячаў мігрантаў з Украіны, але з-за таго, што йдзецца пра працоўную міграцыю, якая запаўняе пустуючыя месцы на рынку працы, ёй не надаюць такой увагі, як міграцыі з Сірыі або афрыканскіх краін.
Прыбываюць жыхары Каўказу
Аднак, разам з гэтымі “новымі гастарбайтэрамі” у Эўразьвяз прыбываюць класічныя ўцекачы, якія жадаюць атрымаць прытулак у такіх краінах, як Нямеччына, Скандынавія або Аўстрыя.
Йдзецца перш за ўсё пра чачэнцаў і жыхароў іншых паўночнакаўказкіх краін, дзе ўвесь час адбываюцца “антытэрарыстычныя акцыі” расейскіх сілаў бясьпекі, але таксама і пра этнічных расейцаў, якія шукаюць у Заходняй Эўропе абарону ад перасьледу з боку аўтарытарнага расейскага рэжыму. Праз Расею, Украіну і Беларусь, такім чынам, кіруюцца таксама мігранты з Сірыі і Аўганістану, хаця і ў значна меншых колькасьцях, чымсьці “класічнымі маршрутамі”.
Частка гэтых людзей спрабуе дабрацца да шэнгенскай прасторы Эўразьвязу таксама і нелегальным шляхам, і Эўразьвяз хоча мець магчымасьць вяртаць іх у памежныя краіны, такія, як менавіта Беларусь. Менск, аднак, ня мае ні ізалятараў, ні лягяроў для ўцекачоў, куды можна было б пасяліць вернутых нелегальных мігрантаў.
“У сытуацыі, у якой мы сёньня знаходзімся, мы ня здольны выканаць дамову аб рэадмісіі так, як гэта ўяўляе сябе Эўразьвяз. Мы проста ня маем для гэтага падрыхтаванай інфраструктуры”, — заявіў для агенцыі Белта Ігар Фісенка, кіраўнік консульскай службы беларускага міністэрства ўнутраных спраў. “Каб мы маглі прымаць вернутых уцекачоў, нам патрэбныя час і грошы”, — дадаў Фісенка.
Тры катэгорыі ўцекачоў
Але ж часу мала. Нямеччына ўжо летась пачала выдаляць тысячы чачэнскіх уцекачоў, якія прыбылі ў гэтую краіну праз Польшчу і менавіта праз Беларусь. Таму Эўразьвяз хоча, падобна, як у выпадку з Турцыяй альбо паўночнаафрыканскімі краінамі, дапамагчы Беларусі з пабудовай інфраструктуры для ўцекачоў.
У параўнаньні з мільярдамі для Турцыі Эўразьвяз зьбіраецца інвэставаць у Беларусь “драбязу”. Гаворыцца пра дапамогу ў памеры сямі мільёнаў эўраў, у пераліку каля 200 тыс. крон. Памеры лягяроў і ізалятараў, якія павінны быць пабудаваны ў некалькіх месцах па ўсяе Беларусі, будуць невялікімі і пакуль што разьлічваецца, што там прымуць максімальна тысячы людзей.
Частка месцаў утрыманьня мае быць адкрытай, там уцекачы будуць свабодна перасоўвацца, а частка будзе закрытай – гэта будзе адпавядаць лягярам утрыманьня чэшскага тыпу.
Мігранты, якіх будуць вяртаць з краін Эўразьвязу, павінны будуць падзяляцца, паводле нямецкай газэты Tageszeitung, якая дала інфармацыю пра планы Эўразьвяза, на тры розныя катэгорыі.
У першай будуць украінцы, у другой сірыйцы і іншыя ўцекачы з краін Блізкага Усходу, у трэцяй грамадзяне Расеі, перш за ўсё згаданыя чачэнцы. У ізалятарах, паводле нямецкай газэты, уцекачы будуць “утрымлівацца пад замком да часу, пакуль ня будуць дэпартаваны з Беларусі альбо не пакінуць гэтую краіну дабраахвотна”.
Гульня на два бакі
Рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які ўзяў на сябе ролю пасрэдніка ў расейска-украінскім канфлікце, ўдалося палепшыць адніны з Эўразьвязам, і гэта нягледзячы на тое, што ўнутры Беларусі адбыліся толькі касмэтычныя зьмены.
Менск, аднак, вяртаецца да праграмы Усходняга партнёрства, адмяніў візы для грамадзян Эўразьвязу, а пасьля ўвядзеньня дамовы пра рэадмісію чакае, што і для Беларусі пачне дзейнічаць безвізавы кантакт з Эўразьвязам. Адначасова, аднак, Беларусь ёсьць часткай безвізавага Саюза Расеі і Беларусі і Эўразійскага саюза, створанага Масквой у супрацьвагу Эўразьвязу.
Лубаш Палата Пераклаў з чэшскай В. Буйвал. Крыніца: чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”, 23.01.2017 http://zpravy.idnes.cz/belorusko-uprchlicke-tabory-evropska-unie-penize-bezenci-p37-/zahranicni.aspx?c=A170119_101745_zahranicni_pas