Каго яны хочуць ашукаць?

17 студзеня 2017 г.

Навіны

“Белрэдакцыя” Радыё Свабода дэманструе зайздросную ўпартасьць, вось бы скіраваць яе ў рэчышча выкананьня статутных і маральных установак дэмакратычнага СМІ: на сваечасовае і адэкватнае інфармаваньне беларусаў, на якасную аналітыку, на падтрымку нацыянальна-культурнага беларускага адраджэньня. Замест гэтага на працягу гадоў (асабліва апошніх) “рэдакцыя” займаецца татальным піярам псэўдаапазыцыйных структур і асобаў, журналісцкімі падлогамі (інфармаваньнем пра неіснуючыя падзеі), стварэньнем штучных сацыяльна-палітычных стэрэатыпаў. Бачна (паводле сінхроннасьці дзеяньняў “рэдакцыі” разам зь іншымі фальшывымі “дэмСМІ”), што “белрэдакцыя” кіруецца ўказаньнямі (інструкцыямі, загадамі, адмашкамі) структур, непрыхільных Беларусі, справе дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня. Адно добра, што ўсё гэта робіцца на нізкім прафэсійным узроўні і такімі “спэцамі”, што даверу ў людзей, здольных на думаньне, такая “аналітыка” не выклікае.

Патрыёты-фронтаўцы паведамлялі грамадзтву ад самага пачатку дзеяньня фэйка “Гавары праўду” (канец 2010 г.), што гэта фэйк, агентурная пустышка, якая фінансуецца рэжымам для палітычнай дэзарыентацыі насельніцтва. Калі на палітычнай арэне зьявілася Т. Караткевіч, патрыёты-фронтаўцы таксама папярэдзілі, што гэта такая ж, толькі пэрсанальная выдумка рэжыма. Памятаем, што “белрэдакцыя” РС ні разу не паведаміла праўды пра “Говправду”, нягледзячы на безьліч доказаў антыбеларускай, псэўдаапазыцыйнай дзейнасьці яе “кіраўніцтва і актывістаў”. Апошнім часам хто ўжо толькі не выказваўся аб тым, што да іх урэшце дайшло: сулідэр “Говправды” Дзімітрыеў зьяўляецца прафэсійным, засланым агентам. А РС хоць бы што, нават не пачухалася разабрацца з гэтым аспэктам. Т. Караткевіч кажа журналісту РС: «На сёньня ў нас ёсьць два лідэры ў арганізацыі — я і Андрэй Дзьмітрыеў».

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/28205368.html

А журналіст прымае гэтае прызнаньне і вядзе нявымушаную размову далей. Размова пра што заўгодна, абы стварыць вобраз нармальнай, сярэднестатыстычнай апазыцыйнай арганізацыі. Каго яны хочуць ашукаць.

Прапануем пазнаёміцца з “свабодаўскім” тэкстам і пераканацца самым у тым, што ўсё гэта так.

Сяргей Камароўскі