Якія структуркі, такія і фэйкі. Яны спаборнічаюць паміж сабой у “рэфарматарскай дзейнасьці”. Робяць гучныя заявы, становяцца ў манумэнтальныя позы, робяць эфэкт на публіку і спэцэфэкт для СМІ. Пашумяць, памахаюць плакацікамі і сьцягамі, а потым усё канчаецца пшыкам, адчуваньнем недарэчнасьці і пустаты. Хаця такія адчуваньні ўзьнікаюць у душах людзей, якія наіўна паверылі ў гуканьні “рэфарматараў” і нават паставілі свае подпісы пад іхнімі “пэтыцыямі”. А для бальшыні грамадзтва ўсё паступова забываецца, ніхто і ня ўспомніць праз месяц, пра што быў вэрхал і якія гучэлі абяцанкі ад псэўдаапазыцыі. Арганізатары “пэтыцый” чакаюць пэўны час, пакуль папярэдні фэйк забудзецца, і выходзяць з новай “творчай ініцыятывай”.
Ну, хто цяпер успомніць, чым скончылася фальшывая сага штатнага клоўна Дашкевіча, які колькі месяцаў таму ашываўся каля станцый мэтро ў сталіцы і патрабаваў ад Мінкульта акупанцкага рэжыму “прызнаньня Бел-Чырвона-Белага Сьцягу культурнай каштоўнасьцю”? Фэйк быў, фэйк растварыўся ў інфармацыйнай прасторы. І вось ужо наступная структурка псэўдаапазыцыі пачынае прыставаць да грамадзтва са зьнешне эфэктнай “пэтыцыяй аб дэкамунізацыі”. Фэйкавая БХД заявіла: “В Минске много улиц, чтобы переименовать. Христианская демократия взялась за тяжелый случай, мы пошли в авангарде. Дзержинский — это может быть самый трудный вариант, КГБ будет стоять за своего основателя насмерть”.
Крыніца: https://charter97.org/ru/news/2017/1/9/237008/
Вось як! “Мы пошли в авангарде”! Яны даюць “сьмяротны бой” спэцслужбам рэжыму! “Вось гэта хрысьціяне, вось гэта дэмакраты!” – гукнуць грамадзяне, гатовыя лавіцца на фэйкі. Пустазвонства на сур’ёзную тэму як мае быць і скончыцца чарговым разам пустым і нікчэмным вынікам. Нічога перайменавана ў сталіцы ня будзе. Ды й чэкісты не баяцца структуркі БХД, якую, хутчэй за ўсё, яны самы зьляпілі і вядуць па жыцьці.
Якая ж мэта ўсяго гэтага сатрасаньня псэўдаапазыцыйнай грушы? Фэйкавыя дзеяньні і дэкларацыі ня маюць ніякага сэнсу ва ўмовах антыбеларускага рэжыму, да якога нельга зьвяртацца з просьбамі ўшанаваньня нечага беларускага. Але структуркі нагадваюць пра сябе, надзьмуваюцца, запаўняюць сабой (з ласкі такіх жа фэйкавых “дэмСМІ”) інфармацыйную прастору. Але самая галоўная шкода ад гэтых дзеяньняў у тым, што яны дэзарыентуюць грамадзства, даюць людзям нічым не абгрунтаваныя спадзяваньні на справядлівасьць ад рэжыму, адхіляюць ад сапраўднага змаганьня за сваё, роднае.
Беларусы павінны адвярнуцца ад чужога рэжыму. Ушанаваньне роднага павінна адбывацца на ўзроўні рэвалюцыйнай самаарганізацыі нашага грамадзтва. Калі хто хоча данесьці праўду пра Адама Станкевіча і іншых славутых беларусаў, то трэба не пэтыцыі пісаць на адрас беларусажэрцаў. Патрыёты павінны распаўсюджваць пісьмовую і электронную інфармацыю пра нашу гісторыю і яе дзеячаў, вучыць дзяцей па-беларуску ў коле сям’і і аднадумцаў, зьбірацца разам, пазнаваць і ўсхваляць беларускае. Не лезьці ў абдымкі да варожага рэжыму – гэта справа палітычнай гігіены.
*Павел Гулевіч *