Андрэй Піянткоўскі павіншаваў расейцаў з новым 1937 годам

17 студзеня 2017 г.

Навіны

«Ва ўнутранай палітыцы Расеі на 2017 год усё высьветлілася: Пуцін ідзе на выбары. Магчыма, будуць нейкія гульні з Аляксеем Нaвальным, каб зрабіць уражаньне, што прызначаецца нейкая дэмакратызацыя, але задача ва ўлады застаецца як была: захаваньне рэжыму.

Тым часам рэпрэсіі супраць апанэнтаў нарастаюць: я памятаю, яшчэ колькі гадоў таму, калі мы змагаліся за вызваленьне зьняволеных, былі сьпісы з 20, 30, 40 чалавек. Зараз лік ідзе ўжо на сотні.

У правінцыі чалавека могуць арыштаваць за пост у сацыяльных сетках, за самае шэраговае выказваньне, і гэта ўжо не зьяўляецца чыньнікам, які выклікае ўсеагульнае абурэньне ў Расеі і на Захадзе. Гэта руціна.

Нам часта кажуць: “Ну што вы, гэта не 1937-мы год, тады нашмат больш людзей арыштоўвалі”. Не ў колькасьці справа. Гэта дакладна такі ж 37-мы год, бо галоўнае падабенства – любы чалавек можа быць арыштаваны. На сёньня сытуацыя менавіта такая.

А ўжо тое, будзе арыштавана 100 тысяч чалавек або тысяча – залежыць выключна ад выбару ўлады.

Сапраўды, масавыя рэпрэсіі цяпер не актуальныя і, па сутнасьці, не патрэбныя. Сталінская эканоміка мела патрэбу ў мільёнах людзей у ГУЛАГу ў якасьці бясплатнай працоўнай сілы. Цяпер такой патрэбы няма. Людзей і так няма чым заняць – эканоміка дэградуе, рабочыя патрэбныя толькі на абслугоўваньні нафтавых і газавых прадпрыемстваў. Але колькі трэба ўладзе – столькі і арыштуюць.

Прынцыповым ёсьць тое, што ўзяць могуць любога – ці то блогера, ці то члена ўраду. У гэтых адносінах у Расеі настаў самы сапраўдны 1937 год».

Андрэй Піянткоўскі Пераклад з расейскай. Крыніца: http://nv.ua/opinion/piontkovskiy/s-novym-1937-godom-rossijane-388390.html