“Боярышник” (Глог) лепш за любыя тэлевізійныя рэпартажы і сацыялагічныя апытаньні паказвае, што адбылося з Расеяй пасьля нападу на Украіну, увядзеньня санкцый і падзеньня нафтавых коштаў.

Дык вось, “Боярышник”. Цяпер расейскія ўлады кажуць аб тым, што гэта – кантрафактны тавар, што пры яго вытворчасьці парушаны захады бясьпекі, што ў склад канцэнтрата ўваходзіць мэцілавы – тобок тэхнічны – сьпірт замест харчовага эцілавага.

Аднак “Боярышник” – гэта канцэнтрат для ваннаў. Для ваннаў, а не для спажываньня ва ўнутр. Што і было ўказана на яго цэтліку. Між тым, жыхары Іркуцка – не нейкай там расейскай глухамані, а вялікага горада, абласнога цэнтра – куплялі яго для пітва. Куплялі масава – аб чым сьведчыць колькасьць загіблых, на якую мусіў адрэагаваць нават прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна. Яшчэ больш людзей знаходзіцца ў шпіталях, у тым ліку ў стане комы. Улады Іркуцка плануюць пакватэрны абыход па ўсяму гораду, каб расказаць жыхарам пра небясьпеку ўжываньня сродку для мыцьця.

Нагадваю, што дзея адбываецца ў 2016 годзе. У ХХІ стагоддзі. У краіне, якая распавядае ўсяму сьвету пра сваю культуру і духоўнасьць. Зразумела, мэрыя Іркуцка ўказвае, што падчас пакватэрнага абыходу ўпор будзе рабіцца на нестабільныя сем’і і бяздомных. Але само мерапрыемства сьведчыць зусім не на карысьць падобнай інтэрпрытацыі. Альбо – пра колькасьць “нестабільных”, якая зашкальвае. Гэта – бліжэй да ісьціны.

Зразумела, прасьцей за ўсё пачаць успамінаць аб “Расеі, што п’е”. Аднак п’юць у многіх краінах. Самае галоўнае ў гісторыі з “Боярышникам” – што п’юць. І тут аказваецца, што танны канцэнтрат для ваннаў зьяўляецца больш выгодным, чымсьці нават танная гарэлка, чымсьці самагон. Медведев абсалютна слушна ўспамінае 90-я: тады, пасьля краху савецкай эканомікі і прыватызацыі, арганізаванай бандытамі і чэкістамі, у ягоных суайчыньнікаў не было грошай на самае неабходнае.

Сытуацыя пачала наладжвацца толькі пасьля павышэньня нафтавых коштаў, калі ва ўлады зьявілася магчымасьць падзяліцца грашыма з халопамі. Цяпер, калі кошты на нафту зноў упалі і да непазьбежных цяжкасьцяў дадаліся санкцыі і бяздарнае кіраваньне эканомікай краіны, халопаў зноў заганяюць у “Боярышник”.

Ніякія гучныя заявы Медведева і Пяскова аб неабходнасьці разабрацца з “няправільнымі” экстрактамі ні да чаго не прывядзе. Усё, што яны могуць запрапанаваць расейцам, якія бяднеюць, — гэта вайна і сьмярдзючае пойла.

Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://ru.espreso.tv/article/2016/12/19/voyna_y_boyaryshnykquot_kak_kreml_zagonyaet_kholopov_v_90_e