Амэрыканскія сэнатары падтрымалі Украіну

22 декабря 2016 г.

Навіны

Вашынгтон. Група дэмакратычных і рэспубліканскіх сэнатараў заклікала ў чацьвер новаабранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, каб ён ўзяў цьвёрды курс у адносінах з Масквой з-за расейскай агрэсіі ва Украіне, якая працягваецца.

Ліст Трампу сумесна паслалі 27 членаў амэрыканскага Сэнату, зь іх 15 дэмакратаў і 12 рэспубліканцаў.

Паміж падпісантамі ёсьць выдатныя члены Рэспубліканскай партыі, якія займаюцца замежнапалітычнымі або ваеннымі пытаньнямі, уключна з Джонам Маккэйнам і Ліндсі Грэхамам.

Дональд Трамп падчас выбарчай кампаніі заяўляў, што мог бы заняць больш стрыманую пазыцыю ў адносінах з Масквой, і ўвесь час даваў ацэнку ўяўным лідэрскім якасьцям расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна.

Аўтары адозвы, аднак, нязгодныя з пэрспэктывай паляпшэньня адносінаў з Масквой з-за цяперашняй сытуацыі ва Украіне.

“У сьвятле расейскай агрэсіі, якая працягваецца, і непавагі да тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны і яе права на выбар уласнай будучыні мы паўтараем наш заклік, каб Злучаныя Штаты інтэксіфікавалі палітычную, эканамічную і ваенную падтрымку Украіне”, — заяўлена ў лісьце да Трампа.

Сэнатары таксама выказалі перакананьне, што ЗША не павінны прызнаваць расейскую анэксію Крымскай паўвыспы і таксама не адмяняць санкцыі, накладзеныя на Маскву з-за яе палітыкі ва ўсходняй Украіне.

Сярод выдатных дэмакратычных сэнатараў адозву падпісалі Бэн Кардэн і Джэк Рыд.

TASR Пераклаў з славацкай В. Буйвал. Крыніца: славацкая газэта “SME”, 9.12.2016 http://svet.sme.sk/c/20405427/senatori-vyzvali-trumpa-aby-nasadil-tvrdy-kurz-voci-rusku.html