Зьявілася відэа. Гэтае відэа варта глядзець. На цэнтральнай плошчы беларускага Барысава моладзь, апранутая ва ўніформы розных часоў савецкага таталітарызма, прымае прысягу на вернасьць Савецкаму Саюзу. Робіцца гэта ў прысутнасьці на галоўнай трыбуне міністра абароны РБ, вышэйшага армейскага начальства РБ, арцыбацюшак РПЦ і сем’яў беларускіх вайскоўцаў. Пасьля гэтага “акту натхненьня” адбываецца ўжо прысяга шыхтоў на вернасьць Беларусі.
Узровень антыбеларускай эклектыкі зашкальвае. Такога ня бачыла ніводная нацыянальная армія пасьля распаду СССР. Не было і няма такога таксама нідзе ў сьвеце. Калі б, скажам, у грузінскай арміі нехта паспрабаваў бы прысягаць на вернасьць СССР, а ў славацкай на вернасьць Аўстра-Вугоршчыне, то выканаўцаў, рэжысёраў і начальства ўзялі б “пад мікіткі” і распачалі б сьледства ў той жа дзень. Начальства перастала б быць начальствам.
Не забываймася, што галоўны начальнік рэжыму ня раз ужо заяўляў публічна, што “беларусы павінны быць гатовымі паміраць за Расею”. Усё, што ён казаў пасьля таго, ня мае ніякага значэньня.
Вось і прадэманстравана тандэтная, вадэвільная сутнасьць “змаганьня рэжыму” з адэптамі “русского мира”. Наступны акт гібрыднай вайны сьведчыць аб тым, каму служыць гэты рэжым і якая яго функцыя на нашай зямлі.
Павел Гулевіч https://www.youtube.com/watch?v=t1ffFCTy7L8