Да канца 2019 года Расея плануе больш як у два разы павялічыць колькасьць паветрана-дэсантных войскаў.
Йдзецца нават пра колькасьць у 75 тыс. жаўнераў. Варта зазначыць, што цяпер розныя крыніцы ацэньваюць колькасны склад ПДВ у 35 тыс., максімальна ў 45 тыс.
Пра рашэньне паведаміў Генштаб Узброеных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі.
Што цікава, гэты працэс ідзе ўжо некалькі гадоў. У палітыку разбудовы расейскіх паветрана-дэсантных войскаў ВДВ занесена было таксама рашэньне аб сфармаваньні ў 2016 г. ў Варонежы 354-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады. Сяргей Шайгу паінфармаваў пра гэта яшчэ ў кастрычніку 2013 года.
У сваю чаргу на пачатку жніўня 2014 года пра планы разбудовы паветрана-дэсантных войскаў даў інфармацыю камандуючы гэтага роду войскаў генэрал Уладзімір Шаманаў. Было ня проста паведамлена пра разбудову ваеннага патэнцыялу, але да таго ж быў дадзены сігнал аб павелічэньні прысутнасьці ВДВ па-за межамі краіны.
Разбудова і мадэрнізацыя гэтага роду войскаў, якія трактуюцца як войскі хуткага разгортваньня, зьвязана з стварэньнем у рамках расейскай вайсковай авіяцыі наступных брыгад транспартнай авіяцыі.
Прафэсар Рамуальд Шарамецеў у гэтым кантэксьце зьвяртае ўвагу на тое, што міністр абароны Польшчы Антоні Мацерэвіч, гаворачы пра Спэцназ, мог паблытаць гэтую фармацыю менавіта з паветрана-дэсантнымі войскамі, якія разбудоўваюцца.
Паветрана-дэсантныя войскі зьяўляюцца лёгкай пяхотай, зь якой нашы войскі Тэрытарыяльнай Абароны павінны даць рады, — дадае былы кіраўнік міністэрства абароны адносна слоў Мацерэвіча аб тым, што войскі ствараемай Тэрытарыяльнай Абароны могуць быць праціўнікам расейскага Спэцназу.
Пётр Вазьняк Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 24.11.2016 http://www.rp.pl/Polityka/161129445-Rosyjska-armia-stawia-na-desant.html#ap-1