Мільянэры ўцякаюць з Расеі

3 декабря 2016 г.

Навіны

Усё для таго, каб пазьбегнуць неабходнасьці дэклараваць расейскім уладам нерухомасьці і банкаўскія рахункі, якімі яны валодаюць у замежжы.

Дасьледваньне “эканамічнай міграцыі” ахапіла самых багатых расейцаў – якія валодаюць маёнткам вартасьцю вышэй за 1 мільён даляраў. Але апытвалі ня іх, а прадстаўнікоў 50 найвялікшых заходніх фінансавых інстытуцый, што прапануюць паслугу „private banking” і спэцыялізуюцца на абслузе кліентаў з Расеі.

Палова банкіраў сьцьвярджае, што бальшыня іхніх расейскіх кліентаў пакінула падаткавую рэзыдэнцыю ў сваёй краіне, тобок стала падаткаплацельшчыкам у іншай дзяржаве. 2/3 фінансістаў паведамілі, што расейцы “актыўна шукаюць інвэстыцыйных віз” – купляюць права на знаходжаньне ў іншых краінах у абмен на інвэставаньне грошай. Самымі папулярнымі зьяўляюцца кіпрскія і мальційскія візы. А найбольш ахвотна “падаткавыя рэзыдэнты” выбіраюць Вялікую Брытанію (і гэта нягледзячы на пэрспэктыву Брэксіта) і Швайцарыю. На 9-м і 10-м месцах знаходзяцца Вугоршчына і Чэхія.

Заможныя расейцы найбольш баяцца, што расейскімі ўладамі будзе раскрыта іхняя маёмасьць. А прыхоўваньне такой інфармацыі ў Расеі караецца, акрамя таго з 2018 г. трэба будзе плаціць падаткі з замежных рахункаў. А ўжо з 2015 г. абкладзены падаткам актывы, што знаходзяцца ў замежжы. -Пасьля выбуху канфлікта з Украінай ў 2014 г. (у Расеі) ўзьнікла ненармальная бізнэсовая сытуацыя: рызыка павялічылася, а даходы ад бізнэса паменшыліся – тлумачыць Георгі Качмазаў з бюро пасярэдніцтва ў гандлі эўрапейскай нерухомасьцю Tranio, якое замовіла дасьледваньне.

Многія мільянэры сталі перад пытаньнем: навошта рызыкаваць у Расеі, калі ёсьць больш надзейная Эўропа – дадаў ён.

З 2000 года да канца 2014 г. з Расеі выехала 20 тыс. HNVI („high-net-worth-individuals” – асобаў, якія маюць маёмасьць вартасьцю вышэй за 1 млн даляраў), і ажно 2,5 тыс. мільянэраў – ужо ў 2015 г. Яшчэ невядома, колькі іх рашылася на гэта з пачатку гэтага года.

Статыстычны расейскі мільянэр – гэта жанаты 48-гадовы мужчына, які пачаў займацца бізнэсам ў 90-я гады. Мае двое-шасьцёра дзяцей. Палова зь іх дзейнічае ў фінансавай і страхавой галінах, а больш за ¼ у будаўнічай галіне. 58% зь іх гатовыя эміграваць назаўсёды з Расеі, але зусім не з прычыны “лепшых пэрспэктыў вядзеньня бізнэса ў замежжы”. Асноўная прычына — гэта “палітычная і гаспадарчая нестабільнасьць у краіне”.

Расейскія мільянэры падзяляюцца на дзьве выразныя групы: звычайных і „ultra-HNVI”. Першыя забясьпечваюць сябе візы і “падаткавыя рэзыдэнцыі” на ўсялякі выпадак, пакуль застаючыся ў Расеі і зрэдку рашаюцца на сапраўдны ад’езд. А другія – з маёмасьцю вышэй за 30 млн даляраў – уяўляюць сабой галоўную групу эмігрантаў і не вагаючыся рашаюцца на ад’езд.

-Эміграцыя – гэта, аднак, паступовы працэс: спачатку яны пасылаюць дзяцей вучыцца, потым купляюць нерухомасьць, адкрываюць рахункі ў банках, паціху будуюць сваю інфраструктуру ў замежжы. (…) Распродажам сваіх актываў займаюцца зараз многія вядомыя бізнэсоўцы, напрыклад, Міхаіл Прохараў альбо былы ўласьнік Уралкалія Дзімітры Рыбалоўлеў – тлумачыць Качмазаў.

Анджэй Ламаноўскі Пераклаў з польскай В. Буйвал. Крыніца: польская газэта “Rzeczpospolita”, 18.11.2016 http://www.rp.pl/Polityka/311179866-Rosja-Ucieczka-milionerow.html#ap-1