27 лістапада група сяброў і прыхільнікаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ выехала зь Менску на Случчыну. Патрыёты наведалі славутыя мясьціны, зьвязаныя з сьвятой памяцьцю Слуцкага Збройнага Чыну 1920 года: Грозаў, Семежава, Вызну (цяпер – Чырвоная Слабада) і завяршылі мэмарыяльныя мерапрыемствы ў Слуцку. Каля крыжоў, усталяваных на гістарычных месцах беларускага народнага супраціву, беларусы ўсклалі вянкі і кветкі, запалілі зьнічкі, правялі мэмарыяльныя мітынгі. Быў заслуханы Зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні БНФ “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Слуцкі Збройны Чын. 96-я ўгодкі мужнай барацьбы”.
Выступоўцы казалі пра неўмяручы подзьвіг герояў Случчыны, якія ваявалі супраць маскоўска-бальшавіцкай арды. Слуцкія героі выратавалі гонар нацыі, збройны чын прымусіў нават бальшавікоў пайсьці на стварэньне квазідзяржавы БССР. У 1991 годзе беларусы здолелі напоўніць новым зьместам беларускую дзяржаўнасьць. Без гэтага змаганьне новых пакаленьняў за Беларусь было б значна больш цяжкім Беларускія ваяры 1918-20 гадоў праклалі нам шлях да вызваленьня.
Нашае нацыянальнае змаганьне за Волю і Дзяржаву працягваецца. Як сьпявалі нашы продкі, “не схаваешся нідзе, зноў маскаль на нас ідзе…” Случакі ішлі на няроўны бой, бо разумелі, што будзе, калі Радзіму захопіць дзікі маскоўскі вораг – сьмерць мільёнаў, галеча, вайна і русіфікацыя. Яны мелі рацыю, менавіта ўсе гэтыя беды абрынуліся на наш народ, які ня здолеў салідарызавацца і адбіцца ад маскоўскай арды.
Цяпер Беларусі пагражае той жа вораг і тыя ж няшчасьці. Таму подзьвіг слуцкіх герояў павінен натхняць нас, быць прыкладам для нас у абароне роднага і сьвятога ад акупацыі, паняверкі і зьдзеку. Арыентацыя на Расею, як і папярэджвалі патрыёты-фронтаўцы, аказалася змрочным тупіком і правалам. Салідарным змаганьнем і сумеснай працай трэба ратаваць сваю краіну, мову і цывілізацыю. Пачынаць трэба з галоўнага – з адраджэньня беларускай душы і беларускай мовы. Зрабіць свой крок – пачаць размаўляць па-беларуску, вучыць сваіх дзяцей і ўнукаў роднай мове і культуры, быць беларусамі на сваёй беларускай зямлі. Тады ніякі чужынец ня здолее адабраць у нас ні мову, ні душу, ні маёмасьць.
Маладыя ўдзельнікі мерапрыемстваў казалі пра хвалюючую сустрэчу з роднай гісторыяй. Яны выказалі ўпэўненасьць, што прымуць з рук старэйшых паходню змаганьня за Беларусь і працягнуць справу вызваленьня. Патрыятычная моладзь разам з старэйшымі будзе змагацца і супраціўляцца, ня пойдзе ў маскоўскі палон.
Людзі сьпявалі беларускія ваярскія гімны, гімн “Манутны Божа”. Да дэманстрантаў далучыліся случакі. Лунаў покліч “Жыве Беларусь!”
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 27 лістапада 2016 г.