Арышт расейскага міністра эканомікі Аляксея Улюкаева можа азначаць пачатак вайны за кантроль над зьменай улады ў Расеі.
Арышт міністра эканамічнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі Аляксея Улюкаева мне ўдалося прадказаць яшчэ два гады таму, падчас так званай крымскай прамовы Уладзіміра Пуціна. Тады я пісаў, што чыноўнікі, якія сабраліся ў Крамлі біць у ладкі “вяртаньню Крыма”, нат не падазраюць свайго падабенства са знакамітым сталінскім “зьездам пераможцаў”. Дэлегаты XVII зьезду ВКП (б), якія пляскалі ў ладкі Сталіну, маглі адчуваць сябе самымі сапраўднымі трыюмфатарамі – калектывізацыя і індустрыялізацыя краіны праведзены, унутрыпартыйныя апазыцыі разгромлены і каюцца, савецкі ўрад прызнаны ва ўсім сьвеце. Але ўжо праз тры гады большая частка гэтага зьезду будзе расстраляна, жонак някемлівых пераможцаў – згвалцяць і накіруюць у ГУЛАГ, дзяцей – у прытулкі. Перамога абярнулася поўным крахам трыюмфуючага апарата.
“Крымскіх пераможцаў” чакае той жа сумны лёс. Пагадзіўшыся з ператварэньнем Расеі ў краіну-ізгоя, яны аўтаматычна ўзмоцнілі і ўсяўладдзе першай асобы, і магчымасьці расперазаных сілавікоў зь ягонага атачэньня. А з-за таго, што грошай для раскраданьня краіны застаецца ўсё менш і менш, прэтэндэнты на такое разрабаваньне будуць адштурхваць адзін аднаго ад ночвы, як прагныя гіены. І ў хуткім часе перакуляць дагары нагамі саму ночву.
Для расейскіх мэдыяў арышт міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі – знакавая падзея. Вядучыя інтэрнэт-выданьні гэтай краіны вядуць бесперапынны рэпартаж ў прамым эфіры, нібы йдзецца пра стыхійнае бедства, бо ніколі яшчэ настолькі высокапастаўленага чыноўніка не арыштоўвалі ўначы падчас спэцыяльнай апэрацыі, што, безумоўна, выразна нагадвае 1937 год.
Пры гэтым усе вольныя ад прапагандысцкіх абавязацельстваў людзі не сумняваюцца, што Улюкаева банальна падставілі, што ніякага хабару ў два мільёны даляраў ад кампаніі Роснефть проста не было. Пра тое, як Улюкаева ня бралі з наяўным, сьведчыць і рэпартаж інфармаванай Новой газеты. Сілавікі, зразумела, гэта абвяргаюць, але ніякіх доказаў адваротнага не прадстаўляюць. Магчыма, што ворагі Улюкаева разьлічваюць дамовіцца з міністрам і інсцэніраваць арышт пры дачы хабару заднім рахункам.
Але зразумела, што чыноўніку ўзроўню Улюкаева зусім не патрэбна было вымагаць – ды яшчэ і з пагрозамі – нейкіх два мільёны даляраў ад аднаго з самых уплывовых пуцінскіх паплечнікаў Ігара Сечына. Дэкларацыя аб даходах Улюкаева – як і любога іншага расейскага чыноўніка – знаходзіцца ў публічным доступе, і любы непрадузяты чалавек можа пераканацца, што для міністра два мільёны даляраў – выразна ня тыя грошы. Але акрамя абнародаванай дэкларацыі вядома, што прозьвішча Улюкаева фігуравала і ў панамскім дасье, так што кіраўнік расейскага эканамічнага ведамства – вельмі багаты чалавек. І да таго ж знаходзіцца ва ўладзе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, з часоў гайдараўскх рэформаў, актыўным удзельнікам якіх ён быў. Такія людзі да апошняга часу лічыліся ў Расеі недакранальнымі.
Што здарылася на самой справе, мы даведаемся толькі з часам, калі стануць зразумелымі наступствы затрыманьня міністра. На дадзены момант можна разглядаць цэлы шэраг вэрсій.
Першая зь іх – барацьба за плыні, якія плытчэюць. З-за таго, што зьдзелка вакол кампаніі «Башнефть», фактычна, завершана, можна меркаваць, што йдзецца пра мінулае, а не пра будучыню. І што сілавікі проста вырашылі выкарыстаць гісторыю з продажам Башнефті для ўзмацненьня ўласнага ўплыву. На карысьць гэтай вэрсіі гаворыць той факт, што да самога “давальніка хабару” Ігара Сечына сьледства ня мае ніякіх прэтэнзій, а ручны сечынскі гёбэльс – Міхаіл Леонцеў – назваў затрыманьне міністра эканомікі “бліскучай працай”. Акрамя таго, затрыманьнем Улюкаева займаліся сьледчыя са Сьледчага камітэту Расейскай Фэдэрацыі, аб адстаўцы кіраўніка якога, Аляксандра Бастрыкіна, у апошнія месяцы гавораць як пра зьдзейсьнены факт. Такім чынам, адстаўка Улюкаева можа адкрыць пэрыяд вайны за кантроль над тым, што яшчэ засталося ў Расеі – вайны не на жыцьцё, а на сьмерць.
Другая вэрсія можа быць зьвязана з магчымай зьменай улады ў Расеі, чуткі пра якую таксама цыркулююць ў апошнія тыдні і зьвязваюцца з аслабленьнем уплыву альбо з пагаршэньнем стану здароўя Уладзіміра Пуціна. Нават калі гаворка можа весьціся пра часовае адхіленьне ад прыняцьця актуальных рашэньняў, пасада старшыні ўраду ў гэтай сытуацыі набудзе ключавое значэньне. А старшынёй ўраду Расеі зьяўляецца, як вядома, Дзімітры Медведеў, які ўжо працаваў прэзыдэнтам краіны і на гэтай пасадзе праявіў пэўную самастойнасьць – не ад Пуціна, а ад сілавікоў. У гэтай сытуацыі імкненьне да прызначэньня свайго прэм’ера можа быць галоўнай матывацыяй сілавікоў. На карысьць гэтай вэрсіі гаворыць той факт, што нават пасьля затрыманьня Улюкаева Пуцін, па словах ягонага прэс-сакратара, не сьпяшаецца прымаць рашэньне аб адстаўцы міністра і лічыць абсурднай – вось важнае слова! – ідэю аб калектыўнай адказнасьці і адстаўцы ўсяго ўраду. Такім чынам, Пуцін у чарговы раз даў зразумець, што працягвае цалкам спалягаць на Медведева.
Але ўнутранай турбулентнасьці ў Расеі гэта не паменшыць, больш таго – турбулентнасьць ва ўладзе толькі пачынаецца, і мы яшчэ станем сьведкамі такіх сцэн, у параўнаньні зь якімі арышт Улюкаева – проста дзіцячае лепятаньне.
Тытанік пераможцаў ідзе на дно.
Віталь Портнікаў Пераклад з расейскай. Крыніца: http://www.liga.net/opinion/305152_titanik-pobediteley-gotov-li-putin-sdat-medvedeva-silovikam.htm