Яму 93 гады, Трамп прымусіў яго галасаваць упершыню

25 ноября 2016 г.

Навіны

Дванаццаць журналістаў з шасьці розных краін аб’езьдзілі ўсю Амэрыку перад выбарамі. Калі рэпубліканец перамог, то менавіта дзякуючы галасам тых, хто зазвычай не галасаваў.

Доналд Трамп уразіў усіх, заваёўваючы штат Пэнсільвэнія, які не галасаваў за рэспублікангскага прэзыдэнта з 1988 г.! Ён пакарыстаўся адчаем “сініх каўнерыкаў” і тых, каго ўжо ўсё задрала, у рэгіёне, дзе ўзровень беспрацоўя вышэй за сярэдні па краіне. “Калі нават яшчэ няма дакладных лічбаў, Трамп аб’яднаў у кааліцыю розных выбаршчыкаў: людзей, якія галасавалі за Абаму на двух апошніх выбарах, рэспубліканцаў, якія ўжо не галасавалі на працягу гадоў, і людзей, якія не галасавалі ніколі”, — аналізуе для нас Майкл Элісан, прафэсар палітычных навук Унівэрсітэта Скрэнтана.

У гэтым горадзе на паўночным усходзе штата, адкуль паходзіць бацька Гіляры Клінтан, мы натрапілі на 93-гадовага Альбэрта. Гэты стары марпех, які ўдзельнічаў у Другой сусьветнай вайне, галасаваў упершыню ў сваім жыцьці. “Я абраў Трампа. Мне падабаецца спосаб, якім ён хоча скалануць краіну. Мы коцімся ў пекла, а ён прапануе сапраўдную перамену”. Але навошта чакаць 93 гады, каб пайсьці галасаваць? “Палітыкі ўвесь час рабілі тое самае, мой голас ня меў значэньня. З Трампам яно інакш. Як толькі я пачуў, як ён выступае па тэлебачаньню, я зразумеў, што ён можа зьмяніць становішча”, тлумачыць нам ён. Калі чалавек падтрымлівае Трампа, ён павінен таксама выступіць супраць Клінтан. “Яе месца ў турме за тое, што яна дапусьціла сьмерць нашых людзей у Бэнгазі. А ён патрыёт, і ніколі б не дапусьціў гэтага”, кажа ён рашуча і паказвае вэтэранскі бэйдж.

Том Жэнэ, Скрэнтан, Пэнсільвэнія Пераклаў з французкай В. Буйвал. Крыніца: бэльгійская газэта “Le Soir”, 14.11.2016 http://plus.lesoir.be/68720/article/2016-11-14/93-ans-trump-la-fait-aller-voter-pour-la-premiere-fois#_ga=1.6152499.1060398515.1479227643